Страница:
249 из 253
«Капыты» ўсё яшчэ грукацелі за акном. Яна так учапілася ў мае рукі, што я адчуў сапраўдны боль.
— Забярыце, забяры мяне!… Я не магу, я не магу.
І ўсё прыціскалася да мяне, лавіла мой позірк, хавалася за мае грудзі.
Я адварочваў твар, я задыхаўся. Але я не мог. Гэта наляцела, як навала, і слабы чалавек не вытрымаў. Усё злілося, закруцілася ў чырвоным кругавароце, і яна даравала мне нават боль.
Месяц схаваўся за домам, апошнія адбіткі яго праменняў падалі на яе твар, на радасныя спакойныя вочы, якія глядзелі ў змрок.
Амаль рыдаючы ад шчасця, якое заўжды валодае першым і першай, калі ніхто раней не кранаўся так тварам да тваёй рукі, я з жахам думаў, што яна, мая першая, адзіная, назаўжды свая,магла, каб гэтыя мярзотнікі дабіліся свайго, быць падобнай чымсьці на тую, у Кульшавым доме.
Гэтага не будзе. Пяшчотай, вечнай удзячнасцю, дабрынёй — я зраблю так, што знікне яе самнамбулізм. Ніводнага крыўднага, ніводнага чэрствага слова не скажу я ёй. Хіба не вянчаў нас нясцерпны жах, чаканне смерці, агульнае жаданне звычайнай цеплыні? Хіба не рызыкавалі мы адзін для аднаго? Хіба не ўзяў я яе, як найвялікшае шчасце, на якое не спадзяваўся?
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
Вось і ўсё. Праз дзень упершыню за ўсе гэтыя дні сонца разам з лёгкім ранішнікам пала на балоты, пусткі, на старыя яліны парку, на замшэлыя муры маёнтка. Высокая трава была абсыпана белай халоднай пудрай і ружавела ад першых праменняў сонца.
|< Пред. 247 248 249 250 251 След. >|