Страница:
250 из 253
І муры былі ружовымі, нават памаладзелі, прачнуўшыся ад цяжкага сну, які вісеў над імі тры гады. Молада блішчалі вясёлкавыя шыбы, сонца кідала нягрэючыя праменні, і адхонні пацелі ад яго, трава на іх рабілася мокрай.
Мы ад'язджалі. Вазок стаяў ля дзвярэй маёнтка. Небагатыя пажыткі прывязалі ззаду. Я вывеў з дома Яноўскую, захутаную ў лёгкую футрачку, сам сеў поруч. Мы кінулі апошні позірк на палац, у якім зведалі боль і пакуты і знайшлі, нечакана для сябе, каханне, за якое не шкада аддаць і жыццё.
— Што ты думаеш рабіць з гэтым? — спытаў я.
Яноўская знізала плячыма, як ад марозу:
— Старыя рэчы аддам музеям, астатнія няхай бяруць тыя мужыкі, што сталі на абарону сваіх хат і выратавалі мяне. Палац таксама аддамо пад бальніцу, школу і яшчэ што-небудзь. — І горка ўсміхнулася: — Маярат! Столькі крыві, такі клубок подласці, падступных злачынстваў, інтрыг… І дзеля чаго? Жменька золата… Не, Бог з ім, з маяратам, гары ён ясным агнём!…
Я абняў яе за тонкія плечы:
— Я так і думаў. Так і трэба было рабіць. Непатрэбна гэта нам, калі мы адшукалі адзін аднаго.
Мы пакінулі ў палацы новую ахмістрыню, удаву з дзіцёнкам, якіх я падабраў тады на дарозе. Слугі таксама засталіся на сваіх месцах.
І мы вельмі лёгка ўздыхнулі, калі палац знік за павароткай алеі. З кашмарам было скончана.
Калі мы выехалі з парку на верасовую пустку, што ішла ля Волатавай прорвы, і брама зачынілася за намі ў апошні раз, і ўжо заскакалі вакол курганы і пусткі, я пабачыў чалавека, які стаяў ля дарогі.
|< Пред. 248 249 250 251 252 След. >|