Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 41 из 253



— Надзея Раманаўна, не хвалюйцеся, але нашы продкі верылі, між іншым, і ў ведзьмакоў таксама. І заўжды знаходзіліся людзі, якія кляліся, што бачылі іх.

— А бацька? Мой бацька? Гэта не запісы, гэта чула, гэта бачыла я сама. Бацька быў атэіст, але ў Малога Чалавека і ён верыў да таго самага часу, пакуль яго не даканала дзікае паляванне. Я чула, разумееце?! Тут вы мяне не пераканаеце. Гэтыя крокі гучалі ў нашым палацы перад яго смерцю амаль кожны дзень.

Што мне было рабіць? Пераконваць яе, што гэта была слухавая галюцынацыя? Але я не галюцыніраваў, я выразна чуў крокі і стогн. Казаць, што гэта нейкі стары акустычны эфект? Не ведаю ці дапамагло б гэта, хоць палова чутак пра прывіды ў старых будынках грунтуецца менавіта на такіх фокусах. Напрыклад, вядомы прывід палаца Любамірскіх у Дуброўне выявіўся нарэшце сасудам з ртуццю і залатымі манетамі, які невядомы жартаўнік год за сто да адкрыцця таямніцы замураваў у комін якраз у тым месцы, дзе ён выходзіў на сонечны прыпёк. Варта было начному холаду начаць змяняцца на дзённую спякоту, як амаль ва ўсіх пакоях другога паверха пачыналіся дзікі лямант і шоргат.

Але хіба пераканаеш у гэтым дурненькае дзяўчо? Таму я з важным выглядам спытаў:

— А хто ён такі, які ён, гэты Малы Чалавек Балотных Ялін?

— Я яго бачыла тройчы і ўсё наводдаль. Аднойчы гэта было перад самай смерцю бацькі. Двойчы — нядаўна. А чула, можа, сотню разоў. І я не спалохалася, толькі апошні раз, можа… трошкі. Я пайшла да яго, але ён знік.

|< Пред. 39 40 41 42 43 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]