Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 43 из 253



Я ўзяў яе руку і моцна сціснуў, жадаючы прывесці яе да прытомнасці, чымсьці адцягнуцть ад гэтых слоў, якія яна казала, быццам у сне.

— Вы не павінны непакоіцца. Калі на тое пайшло, я таксама зацікавіўся гэтым. Зданям не месца ў век пары. Я клянуся вам, што тыя два тыдні, што мне засталося тут быць, я прысвячу гэтаму. Ч-чорт, бязглуздзіца нейкая! Толькі не бойцеся.

Яна ўсміхнулася слабай ціхай усмешкай.

— Што вы… я прывыкла. Такое тут робіцца кожную ноч.

І той самы незразумелы для мяне выраз на твары, які так псаваў яе аблічча. Толькі тут я зразумеў яго. Гэта быў жах, застарэлы цёмны жах. Не той жах, які прымушае на хвіліну ўстаць дыбарам валасы, а жах, які настойваецца гадамі, які становіцца нарэшце звыклым станам для арганізма, ад якога не пазбаўляюцца нават у сне. Нябога была б, можа, і нядрэнная сабою, каб не гэты ўстойлівы цёмны жах.

А яна, нягледзячы на тое,што я быў блізка, аж насоўвалася бліжэй да мяне, толькі каб не бачыць спіною чакаючай цемры.

— Ах, пан Беларэцкі, гэта жахліва. Чым я вінаватая, што павінна адказваць за грахі дзядоў? А на гэтыя слабыя плечы лёг увесь цяжар без астачы. Ён ліпкі і цёмны. Каб вы ведалі, колькі крыві, забойстваў, сірочых слёз, звычайнага бруду на кожным шляхецкім гербе! Колькі забітых, зашмаганых да смерці, пакрыўджаных! Мы не маем права на існаванне, нават самыя сумленныя, самыя лепшыя. У нашых жылах не блакітная, а брудная кроў.

|< Пред. 41 42 43 44 45 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]