Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 39 из 253

У мяне ўсё ж добры густ, а такога ніводны зпаважаючых сябе раманістаў не насмеліўся б прапанаваць сур'ёзным людзям.

Але я распавядаю шчырую праўду. Мне нельга хлусіць, а гэта для мяне занадта сваё, занадта важлівае. Таму буду распавядаць, як яно было.

Мы сядзелі некаторы час моўчкі; камін дагараў, і цемра пасялілася па кутах вялізнай залы, калі я глянуў на яе і спалохаўся: такія шырокія былі ў яе вочы, так дзіўна нахілена галава. І зусім не было бачна вуснаў, так яны збялелі.

— Чуеце?

Я прыслухаўся. У мяне тонкі слых, але толькі праз хвіліну я пачуў тое, што чула яна.

Недзе ў калідоры, злева ад нас, трашчаў пад нечымі крокамі паркет.

Хтосьці ішоў доўгімі бясконцымі пераходамі, і крокі то заціхалі, то з'яўляліся зноў.

— Чуеце? Топ-топ-топ…

— Надзея Раманаўна, што з вамі, што такое?!

— Пусціце мяне… Гэта Малы Чалавек… Гэта зноў ён… Па маю душу.

З усяго гэтага я зразумеў толькі тое, што ў гэтым доме чыняцца нейкія недарэчныя жарты, што тут нейкі вісус палохае жанчыну.

Не зважаючы на тое, што яна схапіла мяне за рукаў, імкнучыся затрымаць, я схапіў камінную качаргу і кінуўся па сходах да калідора. Гэта было справай хвіліны, і я расчыніў нагою дзверы. Вялізны калідор быў напаўцёмны, але я добра бачыў, што ў ім нікога не было. Так, нікога не было. Былі толькі крокі, якія гучалі па-ранейшаму трохі няўпэўнена, але гучна. Яны былі зусім блізка ад мяне, але патрохі аддаляліся ў другі канец калідора.

|< Пред. 37 38 39 40 41 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]