Страница:
50 из 253
Калі глядзіш на такіх людзей — так і здаецца, што ў іх сям'і дзеці, гуляючы ў схованкі, хаваліся пад шырачэзную, у шэсць полак, шарсцяную сукню бабулі, якая — бабуля, а не сукня — вязала панчохі або цыравала новыя шкарпэткі, каб не так хутка прадзёрліся.
І, аднак, гэта ўражанне хутка рассейвалася. Нешта пурытанскі-чапурыстае, жарсткавае было ў гэтых вачах, у падціснутых вуснах.
Але таго, што дадзена, не адбярэш. Гэта быў сапраўды абазнаны ў кнігах чалавек. Праз дваццаць хвілін размовы я зразумеў гэта, мала таго, пераканаўся, што гэты самавук ведае старажытную літаратуру не горш, як я, чалавек з універсітэцкай адукацыяй.
Таму я навёў размову на дзікае паляванне. У Бермана вусны склаліся, як курыная дупка.
— Чаму пан цікавіцца гэтым?
— Я этнограф.
— О, тады вядома, вядома. Але мая сціплая асоба не можа расказаць гэтага так, як трэба для высокага госця. Мы лепей дамо слова пажоўклым старонкам кніг. Пан разбіраецца ў літаратурнай мове ХVІІ стагоддзя?
Ён адчыніў адну з шафаў артыстычным рухам (пальцы ў яго былі тонкія і ў два разы даўжэй за нармальныя), узняўшы воблачка пылу.
І вось на маіх каленях ляжаў вялізны том, спісаны каліграфічна дробнымі, рудымі ад старасці літарамі.
«Року цісеча шэсць сот першага не было спакою на гэтай зямлі. Толькі што копны суддзя Балвановіч справу разгледзеў пра забіццё і атрутны морд праз хлопаў пана літасцівага іхняга Янука Бабаеда. І ў іншых мясцінах такаждзе спакою не было. Дубіна да места Віцебскага падыходзіў, пад Крычавам і Мсціславам і ў нас хлопы морд, і забойства, і шкоду чынілі.
|< Пред. 48 49 50 51 52 След. >|