Страница:
51 из 253
Чатырнаццаць паноў забілі. Іж без бытнасці нашае, казалі, яшчэ траіх білі так, што ад таго біцця не ведалі, яко жывы будуць».
Але вам, напэўна, цяжка чытаць такое. Таму я проста пераскажу вам змест гэтай старой легенды.
Справа была ў тым, што ў тыя часы бунтавалі не толькі хлопы. Бунтавала і старажытная беларуская шляхта, пакрыўджаная новымі парадкамі. У ваколіцах Балотных Ялін было асабліва неспакойна. Тут, у Хаданоўскай пушчы, сядзеў кульгавы бацька Яраш Штамет, які падтрымліваў вельмі радавітага беларускага пана Стаха Горскага, што быў у сваяцтве праз продкаў колішняму князю віленскаму Аляксандру. Гэты малады і славалюбівы чалавек паставіў перад сабою мэту: дабіцца самастойцасці. Для гэтага былі ўсе прадумовы: каралеўская кроў, якая цякла ў яго жылах (тады на гэта вельмі зважалі), падтрымка навакольнага панства, вялізныя вайсковыя сілы, падтрымка праваслаўных і «лясных братоў», талент воіна, а галоўнае — жахлівая галеча, цалкам безнадзейнае існаванне сялян. Маладога кіраўніка па ўсім наваколлі называлі ўжо, не саромячыся, каралём.
Але ён пакуль што збіраў сілы і дыпламатычна туманіў вочы прадстаўнікам дзяржаўнай улады. Сілы яго, як казаў рукапіс, дасягалі ўжо васьмі тысяч коннікаў, якія часткова хаваліся ў пушчы, часткова знаходзіліся пры яго палацы.
Нарэшце глыбокай восенню 1602 года ўсё было гатова. Па навакольных цэрквах сяляне ўзялі прысягу каралю Стаху, і ён нечаканым ударам авалодаў моцным замкам у сучасным павятовым гарадку.
|< Пред. 49 50 51 52 53 След. >|