Страница:
70 из 253
Быў гэты чалавек пад сажань ростам, прыблізна як я, але ў ягоную вопратку ўлезла б трое АндрэяўБеларэцкіх. Агромністы жывот, ногі ў сцёгнах, як кумпякі, нязмерна шырокія грудзі, далоні, як цэбры. Рэдка здаралася мне бачыць такога волата. Але самае дзіўнае было не гэта. На чалавеку была вопратка, якую зараз можна пабачыць толькі ў музеі: чырвоныя боты на высокіх абцасах з падкоўкамі (такія празываліся ў нашых продкаў кабцямі), абцягнутыя порткі з каразеі — тонкага сукна. Жупан на грудзях і жываце — жупан з вішнёвага з золатам сукна — вось-вось пагражаў луснуць. Паверх яго чалавек нацягнуў чугу, старажытную беларускую верхнюю вопратку. Чуга вісела вольна, прыгожымі складкамі, уся пералівалася зялёнымі, залатымі і чорнымі візерункамі і была перавязана амаль пад пахамі турэцкім пасам вясёлкавых колераў.
І над усім гэтым сядзела дзіўна маленькая для гэтай тушы галава са шчокамі такімі надутымі, быццам гэты чалавек вось-вось збіраўся пырснуць са смеху. Доўгія шэрыя валасы ззаду рабілі галаву правільна круглай, маленькія шэрыя вочкі смяяліся, сівыя вусы віселі да сярэдзіны грудзей. Вонкавы выгляд у чалавека быў самы мірны, і толькі на левай руцэ вісеў карбач — плецены кароткі бізун са срэбным дротам ля канца. Словам, сабакар, правінцыяльны мядзведзь, весялун і п'яніца — гэта адразу было бачна.
Яшчэ ля дзвярэй ён зарагатаў такім густым і вясёлым басам, што я мімаволі ўсміхнуўся. Ён ішоў, і людзі расступаліся перад ім, адказвалі такімі вясёлымі ўсмешкамі, якія толькі маглі з'явіцца на гэтых кіслых тварах, тварах людзей з касты, якая выраджаецца.
|< Пред. 68 69 70 71 72 След. >|