Страница:
72 из 253
Між тым волат дайшоў да лёкая, які, падслепаваты і глухі, не заўважыў гасцей,і раптоўна таргануў яго за плячо. Той драмаў на нагах, але тут раптам усхапіўся, і, разгледзеўшы гасцей, заўсміхаўся на поўны рот, і гаркнуў:
— Вельмішаноўны пан-айцец Грынь Дубатоўк! Пан Алесь Варона!
— Вечар добры, панове, — заракатаў Дубатоўк. — Што гэта вы сумныя, як мышы пад шапкай? Нічога, мы зараз вас узвесялім. Бачыш, Варона, паненкі якія! Зарана я, браце, нарадзіўся. У-ух, прыгажунечкі-красулечкі!
Ён прайшоў праз натоўп (Варона спыніўся ля нейкай паненкі) і наблізіўся да Надзеі Яноўскай. Вочы яго сталі маленькімі і запраменіліся смехам.
— Дзень-вечар добры, донечка! — І гучна цмокнуў яе ў лоб, як стрэліў. Пасля адступіў. — А якая ж ты ў мяне стала зграбная, прыгожая! Ляжаць усёй Беларусі ля тваіх ножак. І няхай на мне на тым свеце Люцыпар смалу возіць, калі я, стары грахаводнік, праз месяц не буду піць на тваім вяселлі гарэлку з твайго туфліка. Толькі нешта вочкі сумненькія. Нічога, зараз развесялю.
І ён з чароўнай мядзведжай грацыяй крутануўся на абцасах.
— Антон, душа цёмная! Грышка, Пятрусь! Халера вас там схапіла, ці што?
З'явіліся Антон, Грышка і Пятрусь, згінаючыся пад цяжарам нейкіх вялізных пакункаў.
— Ну, разявакі-салапякі, кладзіце ўсё да ног гаспадыні. Разгортвай! Э-э, пэцкаль, у цябе што, рукі са… спіны растуць. Трымай, донька.
Перад Яноўскай ляжаў на падлозе вялізны пушысты кілім.
— Трымай, доня. Дзедаўскі яшчэ, але зусім неўжываны. Пакладзеш у спальні.
|< Пред. 70 71 72 73 74 След. >|