Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 73 из 253

У цябе там дзьме, а ногі ва ўсіх Яноўскіх былі нямоцныя. Будзе табе цёпла. Дарэмна ты ўсе ж, Надзейка, да мяне не пераехала два гады таму. Умаляў яе — не згадзілася. Ну, добра, зараз позна ўжо, вялікая стала. І мне лягчэй будзе, хай яго да д'ябла, гэтае апякунства.

— Прабачце, дзядзечка, — ціха сказала Яноўская, кранутая ўвагай апекуна. — Вы ведаеце, я хацела быць тут, дзе бацька… бацька.

— Ну-ну-ну, — няўмела сказаў Дубатоўк. — Пакінь. Я і сам да цябе амаль не ездзіў, ведаў, што будзеш хвалявацца. Сябры мы былі з Раманам. Нічога, донька, мы, вядома, людзі зямныя, хварэем на абжорства, п'яныя, але ж Бог павінен разбірацца ў душах. А калі ён разбіраецца, дык Раман хоць мінаў часцей царкву, а не карчму, даўно ўжо на небе анёлаў слухае ды глядзіць у вочы сваёй небарацы жонцы, а маёй стрыечнай сястры. Бог — ён таксама не дурань. Галоўнае — сумленне, а дзірка ў роце, куды чарка просіцца, апошняя справа. І глядзяць яны з неба на цябе, і не шкадуе маці, што смерцю сваёй дала табе жыццё: бач, якая ты каралеўна стала. Хутка і замуж, з рук апекуна на ласкавыя ды моцныя рукі мужа. Думаеш?

— Раней не думала, цяпер не ведаю, — раптам сказала пані Яноўская.

— Ну-ну, — пасур'ёзнеў Дубатоўк. — Але… абы чалавек добры. Не спяшайся вельмі. А зараз трымай яшчэ. Вось тут стары наш убор, сапраўдны, не якая-небудзь падробка. Пасля пойдзеш пераапранешся перад танцамі. Няма чаго гэту сучасную свірапяціцу насіць.

— Ён наўрад ці падыдзе, сапсуе выгляд, — лісліва пад'ехала нейкая дробная шляхцянка.

|< Пред. 71 72 73 74 75 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]