Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 75 из 253



— Раман Стары, — прыглушана адказаў Дубатоўк, але я сам зразумеў ужо, хто гэта такі, так правільна я яго ўявіў па словах легенды. Я здагадваўся, што гэта віноўнік радавога праклёну яшчэ і таму, што твар гаспадыні няўлоўна збялеў і яна ледзь прыкметна хіснулася.

Невядома, чым скончылася б гэтая нямая сцэна, але тут нехта моўчкі і непачціва штурхнуў мяне ў грудзі. Я пахіснуўся. Гэта Варона прабіўся праз натоўп і, імкнучыся прайсці да гаспадыні, адштурхнуў мяне. Ён спакойна ішоў далей, не папрасіўшы прабачэння, нават не павярнуўшыся ў мой бок, быццам на маім месцы стаяў нежывы прадмет.

Я паходзіў са звычайных інтэлігентаў, якія выслужвалі з пакалення ў пакаленне асабістае шляхецтва, былі вучонымі, інжынерамі — плебеямі з пункту гледжання гэтага пыхатага шляхцюка, у якога продак быў даездчыкам у багатага магната-забойцы. Мне часта даводзілася абараняць сваю годнасць перад такімі, і зараз увесь мой «плебейскі» гонар устаў на дыбкі.

— Пане, — голасна сказаў я. — Вы лічыце, што гэта годна сапраўднага двараніна — штурхнуць чалавека і не папрасіць у яго прабачэння?

Ён павярнуўся:

— Вы мне гэта?

— Вам, — спакойна адказаў я. — Сапраўдны шляхціц — гэта джэнтльмен.

Ён падышоў да мяне і з цікаўнасцю пачаў разглядаць.

— Гм, — спакойна сказаў ён. — Хто ж гэта будзе вучыць шляхціца правілам далікатнасці?

— Не ведаю, — спакойна і з'едліва адазваўся я. — Ва ўсякім разе, не вы. Неадукаваны ксёндз не павінен вучыць іншых лаціне.

|< Пред. 73 74 75 76 77 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]