Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 76 из 253



Я праз яго плячо бачыў твар Надзеі Яноўскай і з радасцю заўважыў, што наша сварка адцягнула яе ўвагу ад партрэта. Фарба з'явілася на яе абліччы, а ў вачах штосьці падобнае на трывогу і жах.

— Выбірайце выразы, — працадзіў Варона.

— Чаму? І, галоўнае, з кім? Далікатны чалавек ведае, што ў кампаніі ветлівых трэба быць ветлівым, а ў кампаніі грубіянаў вышэйшая далікатнасць — плаціць ім той самай манетай.

Відаць, Варона не звык атрымліваць адпор ва ўсёй ваколіцы. Я ведаў такіх ганарыстых індыкоў. Ён здзівіўся, але пасля павярнуўся, кінуў позірк на гаспадыню, зноў павярнуўся да мяне, і ў вачах яго плесканулася каламутная ярасць.

— А вы ведаеце, з кім размаўляеце?

— З кім? З Панам Богам?

Я пабачыў, як поруч з гаспадыняй з'явіўся зацікаўлены твар Дубатоўка. Варона пачынаў кіпець.

— Вы размаўляеце са мною, з чалавекам, які звык драць за вушы розных парвеню.

— А вы не спыталі, можа, нейкія там парвеню часам могуць самі надраць вушы? І не падыходзьце, іначай, папярэджваю вас, ніводзін шляхціц не атрымае такой абразы дзеяннем, як вы ад мяне.

— Хамская бойка на кулакі! — выбухнуў ён.

— Што зробіш? — халодна заўважыў я. — Мне здаралася сустракаць дваран, на якіх іншае не дзейнічала. Яны не былі хамамі, іхнія продкі былі заслужанымі псарамі, даездчыкамі, альфонсамі ва ўдовых магнатак.

Я перахапіў яго руку і трымаў ля яго бока як абцугамі.

— Ну…

— Ах ты! — працадзіў ён.

— Панове, панове, супакойцеся! — з невымоўнай трывогай выкрыкнула Яноўская.

|< Пред. 74 75 76 77 78 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]