Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 77 из 253

— Пан Беларэцкі, не трэба, не трэба! Пан Варона, саромцеся!

Твар яе быў такі благальны.

Відаць, і Дубатоўк зразумеў, што час умяшацца. Ён падышоў, стаў між нас і паклаў на плячо Вароны цяжкую руку. Твар яго наліўся крывёй.

— Шчанюк! — выкрыкнуў ён. — І гэта беларус, гэта жыхар яноўскага наваколля, гэта шляхціц?! Так абразіць госця! Сорам маёй сівізне. Ты што, не бачыш, з кім завёўся? Гэта табе не нашы блазны з курынымі душонкамі, гэта не кураня, гэта — мужчына. І ён табе хутка абарве вусы. Вы дваранін, судар?

— Дваранін.

— Ну, вось бачыш, пан шляхціц. Калі табе трэба будзе з ім паразмаўляць — вы знойдзеце агульную мову. Гэта шляхціц, і добры шляхціц, хоць бы і продкам у сябры — не раўня сучасным смаркачам. Прасі прабачэння ў гаспадыні. Чуеш?

Варону як падмянілі. Ён прамармытаў нейкія словы і адышоў з Дубатоўкам убок. Я застаўся з гаспадыняй.

— Божа мой, пане Андрэй, я так спалохалася за вас. Не варта вам, такому добраму чалавеку, заводзіцца з ім.

Я ўзвёў вочы. Дубатоўк стаяў убаку і з цікавасцю пераводзіў позірк з мяне на пані Яноўскую.

— Надзея Раманаўна, — з нечаканай цеплынёю сказаў я. — Я вельмі вам удзячны, вы вельмі добры і шчыры чалавек, і вашу турботу за мяне, вашу прыязь я запамятаю надоўга. Што зробіш, мая гордасць — маё адзінае, я не даю нікому наступіць сабе на нагу.

— Вось бачыце, — апусціла яна вочы. — Вы зусім не такі. Многія з гэтых радавітых людзей паступіліся б.

|< Пред. 75 76 77 78 79 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]