Страница:
80 из 253
Толькі не трэба, не трэба мяне адносіць зноў у падпол».
Незвычайны быў выраз радасці і адчування паўнацэннасці ў яе вачах. Я таксама захапіўся ім, і вочы мае, напэўна, таксама заблішчалі. Толькі краем вока бачыў я навакольнае.
І раптам вавёрка зноў схавалася ў дупло, радасць знікла з яе вачэй, і той самы жах пасяліўся за веямі: Варона даваў указанні двум лёкаям, якія вешалі над камінам партрэт Рамана Старога.
Музыка змоўкла. Да нас набліжаўся Дубатоўк, чырвоны і вясёлы.
— Надзеечка, прыгажунька ты мая. Дазвольце старому хрэну лапэтку.
Ён цяжка ўпаў на калена і, смеючыся, пацалаваў яе руку.
А яшчэ праз хвіліну казаў зусім іншым тонам:
— Правіла яноўскага наваколля такое, што трэба агаласіць апякунскую справаздачу адразу, як толькі апякаемай споўніцца васемнаццаць год, гадзіна ў гадзіну.
Ён выцягнуў з кішэні вялізную срэбную з сіняй эмаллю цыбуліну гадзінніка і, зрабіўшыся афіцыйным і падцягнутым, агаласіў:
— Сем гадзін. Мы ідзём агалошваць справаздачу. Пайду я, а за другога апекуна, пана Калатэчу-Казлоўскага, які жыве ў губерні і па хваробе не мог прыехаць, пойдуць па даверу пан Сава-Стахоўскі і пан Алесь Варона. Патрэбен яшчэ нехта са старонніх. Ну… (вочы яго дапытліва затрымаліся на маёй асобе), ну, хоць вы. Вы яшчэ чалавек малады, жыць будзеце доўга і зможаце потым засведчыць, што ўсё тут рабілася шчыра, па старых звычаях і сумленню чалавечаму. Пані Яноўская — з намі.
Наша нарада адбывалася нядоўга.
|< Пред. 78 79 80 81 82 След. >|