Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 81 из 253

Спачатку прачыталі вопіс маёмасці, рухомай і нерухомай, якая засталася па тэстаменту ад бацькі. Выявілася, што гэта галоўным чынам палац з абсталяваннем і парк, маярат, з якога ніводная рэч не павінна знікнуць і які павінен «у велькшай славе падтрымліваць гонар роду».

«Добры гонар, — падумаў я. — Гонар здохнуць з голаду ў багатым доме».

Дубатоўк давёў, што нерухомая маёмасць збераглася непарушна.

Пасля выявілася, што па субстытуцыі старэйшай і адзінай наследніцай з'яўляецца пані Надзея Яноўская.

Перайшлі да прыбыткаў. Дубатоўк паведаміў, што невялічкі капітал, змешчаны Раманам Яноўскім у дзвюх банкірскіх канторах пад восем працэнтаў без права чапаць асноўны капітал, дае зараз ад ста пяцідзесяці да ста сямідзесяці рублёў штомесячна. Гэты прыбытак нават павялічыўся дбаннем апекуна, мала гэтага, атрымалася прыбаўка да асноўнага капіталу ў дзвесце восемдзесят пяць рублёў, якія, пры жаданні, могуць пайсці на пасаг спадчынніцы.

Усе пакруцілі галовамі. Прыбыткі былі мізэрнымі, асабліва пры неабходнасці падтрымліваць парадак.

— А як плаціць слугам? — спытаў я.

— Ім выдзелена ў тэстаменце частка спадчыны, бо яны — неад'емная частка маярату.

— Я прасіў бы пана Дубатоўка растлумачыць мне, як справа з заарандаванай зямлёю пры маёнтку Балотныя Яліны? — спытаў Сава-Стахоўскі, маленькі хударлявы чалавечак з такімі вострымі каленямі, што яны, здавалася, вось-вось прарэжуць яго светлыя штонікі.

|< Пред. 79 80 81 82 83 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]