Страница:
79 из 253
І танцы, якія даўно выйшлі з моды паўсюль: «Шаконь», «Па-дэ-дэ», нават «Лябедзік»— гэта манерная беларуская пародыя на менуэт. Добра яшчэ, што я ўсё гэта ўмеў танцаваць, бо любіў народныя і старадаўнія танцы.
— Дазвольце запрасіць вас, пані Надзея, на вальс.
Яна павагалася трохі, нясмела прыўзняла на мяне пушыстыя вейкі.
— Калісьці мяне вучылі. Напэўна, я забылася. Але…
І яна паклала руку, паклала неяк няўпэўнена, няёмка, ніжэй майго пляча. Я спачатку думаў, што мы будзем пасмешышчам для ўсяе залы, але хутка супакоіўся. Я ніколі не бачыў большай лёгкасці ў танцах, ніж у гэтай дзяўчыны. Яна не танцавала, яна лётала ў паветры, і я амаль нёс яе над падлогай. І лёгка было, бо ў ёй, як мне здавалася, не было больш за 125 фунтаў. Прыблізна на сярэдзіне танца я заўважыў, як твар яе, да таго засяроджаны і няпэўны, стаў раптам простым і вельмі мілым. Вочы заіскрыліся, ніжняя губка трошкі выдалася наперад.
Пасля танцавалі яшчэ. Яна дзіўна пажвавела, паружавела і такое ззянне маладосці, ап'янення, радасці з'явілася на яе твары, што мне стала цёпла на сэрцы.
«Вось я, — як быццам казала яе душа праз вочы, вялікія, чорныя і бліскучыя, — вось яна я. Вы думалі, што мяне няма, а я тут, а я тут. Хоць у адзін гэты кароткі вечар я паказалася вам, і вы здзівіліся. Вы лічылі мяне нежывой, бледнай, бяскроўнай, як парастак вяргіні ў падполлі, але вы вынеслі мяне на свет, я так вам усім удзячна, вы такія добрыя. Бачыце, і жывая зелень з'явілася ў маей сцябліне, і хутка, калі будзе прыпякаць сонейка, я пакажу ўсяму свету цудоўную ружовую кветку сваю.
|< Пред. 77 78 79 80 81 След. >|