Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 87 из 253

Я разумею, я не буду кампраметаваць яе. І наогул я буду маўчаць. Вось вы танцуеце з ёй, а мне радасна. Размаўляе яна з іншым — мне радасна. Хай толькі ёй будзе шчасце. Але я вам шчыра кажу. — Голас яго ўзмацнеў, а твар стаў як у юнака Давіда, які выходзіць на бой з Галіяфам. — Калі я буду за трыдзевяць краін і сэрцам пачую, што яе нехта збіраецца крыўдзіць, я прылячу адтуль і, хоць бы гэта быў сам Бог, разаб'ю яму галаву, кусаць буду, біцца да апошняга, каб пасля толькі прыпаўзці да яе ног і здохнуць там. Паверце мне. Здалёк — і заўжды з ёю.

Гледзячы на яго твар, я разумеў, чаму баяцца ўладу маючыя такіх вось стройных, чыстых і сумленных юнакоў. У іх, вядома, шырокія вочы, дзіцячая ўсмешка, юнацкія слабыя рукі, шыя ганарлівая і стройная, белая, як мармуровая, як быццам назнарок створана для сякеры ката, але ў іх яшчэ і непрыміручасць, сумленне да канца нават у дробязях, няўменне лічыцца з перавагаю чужой грубай сілы і фанатычная вернасць праўдзе. У жыцці яны нявопытныя, даверлівыя дзеці да сівых валос, у служэнні праўдзе — горкія, іранічныя, адданыя да канца, мудрыя і нязломныя. А дрэнь баіцца такіх нават тады, калі яны яшчэ не пачыналі дзейнічаць, і, кіруючыся інстынктам, уласцівым погані, цкуе іх заўсёды. Дрэнь ведае, што яны — самая найвялікшая небяспека для яе існавання.

Я зразумеў, што дай такому ў рукі пісталет, і ён, усё з той самай шчырай белазубай усмешкаю, падыдзе да тырана, усадзіць у яго кулю і пасля спакойна скажа смерці: «Хадзі сюды».

|< Пред. 85 86 87 88 89 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]