Страница:
93 из 253
Ма-ала-ды, ма-ла-ды! Не, няма чаго казаць, з'ездзіўся конь. Пашлюць мяне хутка да Абрама па піва. Вам, маладыя, жыць, вам песні спяваць, скокі скакаць. Скачы, хлопча.
Зноў пачаліся танцы. Свеціловіч танцаваць не любіў. Варона дзьмуўся і таксама не падыходзіў, і мне давялося танцаваць з ёю да самай вячэры. І як яна танцавала! Я мімаволі заглядзеўся на гэты дзіцячы твар, які раптам стаў такім жвавым і прыемна хітраватым. Мы танцавалі, і нам усё было мала, мы мчаліся па зале, плылі ў паветры, сцены круціліся вакол, і на іх нельга было нічога заўважыць. Напэўна, і яна адчувала тое самае, што я, а маё пачуццё можна параўнаць толькі з тымі снамі, якія часам бываюць у юнацтве: табе сніцца, што ты танцуеш, і нязначае шчасце ахапляе сэрца. Бачыў я толькі яе ружовы закінуты твар, галаву, якая злёгку пахіствалася ў такт музыцы.
Пайшлі вячэраць. Калі я вёў яе ў сталовую, мне здалося, што я чую ў кутку залы нейкае шыпенне. Я глянуў туды, у змрок, пабачыў нечыя вочы — там сядзелі старыя панны — і пайшоў далей. І выразна пачуў, адышоўшы, як сухі голас сказаў:
— Весяліцца, як перад пагібеллю. Награшылі, прагнявілі Бога і яшчэ весяляцца. Кляты род… Нічога, хутка прыйдзе дзікае паляванне… Ач, бессаромніца, цэлы вечар з гэтым чужынцам, з бязбожнікам. Сябра сабе знайшла… Нічога, пабажуся, што і на яе кароль Стах паўстане. Пачынаюцца цёмныя ночы.
Гэтыя халодныя словы напоўнілі мяне трывогай. Сапраўды, я паеду і, магчыма, пазбаўлю гэту дзяўчыну магчымасці выйсці замуж.
|< Пред. 91 92 93 94 95 След. >|