Страница:
95 из 253
Запрашаю цябе да мяне праз дзень на халастую гулянку. А як ты, донька, можа, і ты паедзеш да нас, з пасербіцай пасядзіш?
— Не, дзядзечка, дзякую. Я застануся дома.
Волат уздыхнуў:
— Губіш ты сябе, доня. Ну, добра. А цябе чакаю. Глядзі. У мяне хата без гэтых заморскіх жартаў, табе гэта цікава.
Мы развіталіся з ім, шчыра развітаўся я з Свеціловічам.
Дом пусцеў, заціхалі крокі, ён зноў ставаў глухім і нямым, магчыма, яшчэ на васемнаццаць год. Слугі хадзілі і гасілі свечкі. Яна знікла, і, калі я ўвайшоў у залу, я пабачыў яе ў яе казачным уборы ля палаючага каміна. Зноў цемра агарнула куты залы, у якой яшчэ, здавалася, жылі гукі музыкі і смех. Дом пачаў жыць звычайным жыццём — цёмным, глухім і змрочным.
Я падышоў бліжэй і раптам пабачыў яе бледны твар, на якім згаслі апошнія сляды радасці. Вецер завыў у коміне.
— Пан Беларэцкі, — сказала яна. — Як глуха. Я адвыкла ад гэтага. Пройдземся з вамі яшчэ адзін вальс, перш чым назаўсёды…
Голас яе перасекся. Я паклаў руку на яе стан, і мы, падпарадкоўваючыся ўнутранай музыцы, якая яшчэ гучала ў нашых вушах, паплылі па зале. Шоргат нашых ног глуха аддаваўся над столлю. Мне было чамусьці нават страшна, нібы я прысутнічаў на пахаванні, а яна зноў перажывала ўвесь вечар. Стан яе, тонкі і гнуткі, трошкі хістаўся пад маёй рукою, веяў яе вэлюм, жарам успыхвала сукня, калі мы траплялі ў водбліск каміннага полымя, рабілася блакітнай, калі мы траплялі ў цемру.
|< Пред. 93 94 95 96 97 След. >|