Страница:
96 из 253
Гэты старажытны ўбор, гэты вэлюм, які кранаўся часам майго твару, гэты стан пад маёй рукою і задуменныя апушчаныя вочы, напэўна, ніколі не будуць забыты мной.
І раптам яна прыткнулася лбом на імгненне да майго пляча.
— Усё. Не магу больш. Даволі. Гэта ўсё. Дзякуй вам… за ўсё.
Я паглядзеў на яе і пабачыў вочы, якія блішчалі ад нявыплаканых слёз.
Гэта было сапраўды ўсё. Яна пайшла ў свой пакой, а я ўсё глядзеў на маленькую фігурку ў старажытным убранні, якая ішла па зале, губляючыся ў цемры пад позіркамі продкаў са сцяны.
Я забыўся ў гэту ноч пагасіць свечку на століку ля акна і ляжаў у шырокім, як луг, ложку, ужо засынаючы, калі маю дрымоту перарвалі зноў крокі ў калідоры. Ведаючы, што зноў нікога не заўважу, калі выгляну, я ляжаў спакойна. Хутка крокі зніклі. Я пачаў быў зноў драмаць, калі раптам страпянуўся.
Праз шыбу глядзеў на мяне чалавечы твар.
Чалавек быў сапраўды вельмі маленькі (я бачыў яго амаль па пояс), у каптане з шырокім каўняром. Гэта быў чалавек і ўсё ж нечалавечая істота. Яе галоўка была сціснута з бакоў і ненатуральна выцягнута ў даўжыню, рэдкія доўгія валасы звісалі з яе. Але самым дзіўным быў твар Малога Чалавека. Ён быў амаль такі зялёны, як вопратка, рот вялікі і без вуснаў, нос маленькі, а ніжнія павекі былі непамерна вялікія, як у жабы. Я параўнаў яго з малпай, але хутчэй гэта быў твар сапраўднай жабы. І вочы, шырокія, цёмныя, глядзелі на мяне з тупой злосцю і яшчэ чымсьці незразумелым. Пасля з'явілася ненатуральна доўгая зеленаватая рука.
|< Пред. 94 95 96 97 98 След. >|