Выродливы хлапчук (на белорусском языке) :: Азимов Айзек
Страница:
2 из 64
- Калi ж я, нарэшце, вырасту настолькi, каб выйсцi адсюль, мiс Фэлоўз?
- Хутка, - пяшчотна адказала яна, адчуваючы, як сцiскаецца яе сэрца, хутка.
Мiс Фэлоўз дазволiла Цiмi ўзяць яе за руку i з задавальненнем адчула цёплы дотык грубай сухой скуры ягонай далонi. Ён павёў яе праз пакоi, з якiх складалася Першая Секцыя Стасiса, пакоi, несумненна, даволi камфартабельныя, але якiя тым не менш былi для сямiгадовага (а цi сямiгадовага?) вырадка месцам вечнага зняволення.
Ён падвёў яе да акна, якое выходзiла на зарослую нiзкiм хмызняком лясiстую мясцовасць, схаваную цяпер начной iмглою. Не вiдаць было адсюль i прымацаваных да агароджы аб'яў, якiя забаранялi кожнаму, хто б той нi быў, наблiжацца сюды без спецыяльнага дазволу.
Прыцiснуўшыся носам да шыбы, ён сказаў:
- Я змагу туды выйсцi, мiс Фэлоўз?
- Ты ўбачыш мясцiны намнога лепшыя, прыгажэйшыя, чым гэтыя, - журботна адказала яна, гледзячы на няшчасны твар маленькага нявольнiка.
На яго нiзкi скасабочаны лоб пучкамi звiсалi зблытаныя пасмы валасоў. На патылiцы быў вялiкi выступ, галава дзiцяцi здавалася празмерна цяжкай, хiлячыся наперад, яна прымушала яго горбiцца. Ужо пачалi разрастацца, расцягваючы скуру, надброўныя дугi. Яго масiўны рот намнога больш выдаваўся наперад, чым шырокi прыплюснуты нос, а падбародка не было i ў зародзе - толькi скiвiчная костка, апушчаная ўнiз. Як на свой узрост быў ён занадта малы, крываногi i няўклюдны.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|