Загадкавы святы   ::   Буль Пьер

Страница: 8 из 49

Гэткiм чынам лекар вывучыў некалькi слоў яго дзiўнай абiсiнскай мовы, i як ён зразумеў, абiсiнец быў у сваiм краi цi то знахаром, цi то чараўнiком.

Жан Маяр заўважыў, што калi ён вяртаўся пасля абходаў, якiя, дарэчы, нямала яму каштавалi, дык па ўсёй яго дарозе жыхары кожнай зоны дэманстратыўна расступалiся перад iм. У манастыры Тама д'Арфёй, ягоны сябар, сустракаў яго са змрочным выглядам, у якiм чытаўся папрок. Гэта не злавала яго. Астракiзм пракажоных, да якога ён ставiўся цвяроза, выклiкаў у яго такую самую паблажлiвую ўсмешку, як i дзiцячыя гульнi.

3

Чакаючы, калi пазвоняць да вячэрняй малiтвы, месiр Тама д'Арфёй разам з лекарам папiвалi вiно. Вiно было з невялiчкага вiнаграднiка, якi даглядаў брат Роз. Ён жа асабiста цiснуў вiно i сачыў, каб нiводная кропля соку не прапала. Дзякуючы яму сябры маглi ўвесь год кожны вечар выпiваць па келiху вiна. Гэта быў сцiплы пачастунак, якiм яны вельмi даражылi.

Абату пайшоў семдзесят пяты год. Ён таксама доўга змагаўся з праказай i процiстаўляў яе разбуральнай сiле дысцыплiну простага, пазбаўленага празмернасцей iснавання, строгае выкананне ўсiх рэлiгiйных абрадаў i няўхiльнае падпарадкаванне прадпiсанням Жана Маяра. Праказа, хоць i папсавала яму твар, усё ж пашкадавала яго, пазбавiўшы язваў, скулячак, гангрэны i iншых агiдных прыкрасцей. За гэта ён штодня дзякаваў небу i малiў бога, каб ён даў яму памерцi ад старасцi з ягоным цяперашнiм тварам. Ён належаў да львападобных i прывык да гэтага.

|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]