Здарэнне (на белорусском языке)   ::   Лем Станислав

Страница: 24 из 40

Ён азiрнуўся, расплюшчыў прыжмураныя вочы, каб усю ўвагу аддаць сiгналам iндыкатара. Знойдзены след быў каля сцяны, нiбы робат павярнуў не да лагера, а наадварот, рушыў да каменнага слупа.

Гэта было дзiўна. Што яму там было трэба?

Пiркс шукаў яшчэ хоць бы адзiн след, але скалы маўчалi, i ён мусiў праверыць усе патрэсканыя плiты, згрувашчаныя ля падножжа калон; цяжка было прадбачыць, на якую з iх Анэль паставiў нагу. Нарэшце Пiркс знайшоў след, аддалены ад папярэдняга на пяць метраў; няўжо Анэль скокнуў так далёка? Але навошта? Ён яшчэ адступiў i праз хвiлiну зноў знайшоў згублены след - робат пераскокваў з каменя на камень. Раптам Пiркс, якi плаўна вадзiў прутком па каменнi, здрыгануўся, бо ў яго галаве нiбы гахнуў разрыўны патрон; слухаўкi адазвалiся такiм гукам, што Пiркс аж скрывiўся - было вельмi балюча. Ён зiрнуў на каменную плiту i аслупянеў. Заклiнаваны памiж двух камянёў, на дне натуральнага неглыбокага калодзежа ляжаў цэлы, непашкоджаны апарат, а побач фотакамера. На другiм баку плiты да каменя быў прыхiнуты рукзак Анэля - з развязанымi шнуркамi, але спакаваны як мае быць. Пiркс паклiкаў астатнiх. Яны прыбеглi i здзiвiлiся, як i Пiркс, такой знаходцы. Круль праверыў касеты падобна было, што ўсе замеры выкананы. Не трэба было паўтараць работу. Заставалася толькi высветлiць лёс Анэля. Масена прыклаў далонi да рота i некалькi разоў гучна крыкнуў, але толькi далёкае, працяглае рэха адбiлася ад скал.

|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]