Здарэнне (на белорусском языке) :: Лем Станислав
Страница:
3 из 40
Так альбо iнакш, а ён мусiў бы тырчаць на Базе тры месяцы, бо трапiць у Сонечную сiстэму раней было немагчыма; ён меў перспектыву адседжвацца ў клiматызаваных падземных садах Базы i да дурноты ў галаве глядзець тэлеперадачы (былi гэтыя забавы дзесяцiгадовай даўнiны), таму ён ахвотна згадзiўся на прапанову начальнiка, якi рады быў, што можа ўслужыць Крулю - не было нiводнага свабоднага чалавека, а iнструкцыя забараняе пасылаць у экспедыцыю толькi дваiх. Такiм чынам Пiркс звалiўся касмографу нiбы з неба. Зрэшты, Круль не выявiў захаплення нi адразу, нi пазней; спачатку Пiркс думаў нават, што той ацэньвае яго ўчынак як "вялiкапанскi капрыз", калi ён з камандзiра карабля згадзiўся стаць звычайным разведчыкам; падобна было, што Круль адчуваў затоеную крыўду. Але гэта не была крыўда, проста Круль, адмераўшы ўжо палову жыцця (яму перавалiла за сорак), стаў зласлiвы, нiбы яго нiчым iншым, акрамя палыну, нiколi не кармiлi. А паколькi ў такiм iзаляваным ад свету калектыве нiчога нельга схаваць i людзi з усiмi сваiмi заганамi i вартасцямi робяцца адразу празрыстымi, як шкло, Пiркс хутка зразумеў, адкуль бралася тая задзiрыстасць у характары Круля, увогуле вытрыманага, нават цвёрдага чалавека, бо ён меў ужо звыш дзесяцi гадоў пазазямной службы. Проста Круль стаў не тым, кiм хацеў, а тым, кiм мусiў стаць, бо для выпеставанай у марах работы не падыходзiў. А ў тым, што калiсьцi ён хацеў быць не касмографам, а iнтэлектронiкам, Пiркс пераканаўся пазней, назiраючы, якiм катэгарычным станавiўся Круль у размовах з Масенам, як толькi гаворка заходзiла пра iнтэлектронныя тэмы ("iнтэлектральныя" - казаў Круль у адпаведасцi з прафесiйным жаргонам).
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|