Здарэнне (на белорусском языке)   ::   Лем Станислав

Страница: 5 из 40

З Масенам вечна штосьцi здаралася: ён патрабаваў заглядваць сабе ў горла, заяўляў, што будзе змена надвор'я, бо ў яго косцi ломiць (нiякiх змен не адбывалася, але ён працягваў iх прадказваць), даводзiў, што мучыцца ад бяссоннiцы i штовечар дэманстратыўна шукаў таблеткi, якiх, бадай, нiколi не глытаў - проста клаў iх на ўсякi выпадак побач з ложкам, а ранiцай кляўся Пiрксу, якi вельмi позна чытаў i добра чуў яго храпенне, што нават вока не заплюшчыў (у што, здаецца, i сам свята верыў). Калi не браць гэтага пад увагу, то быў ён выдатны спецыялiст i блiскучы матэматык, меў талент арганiзатара, яму даручалi бягучае праграмаванне аўтаматычнай, а больш дакладна, бязлюднай разведкi. Адну такую праграму ён прыхапiў з сабой для распрацоўкi ў "вольную часiну", а Круль пакутаваў, бо Масена выконваў тое, што яму даводзiлася, вельмi хутка i якасна, так што ў яго i сапраўды заставалася шмат вольнага часу, а таму не было падстаў для абвiнавачвання, нiбыта ён не выконвае як след сваiх абавязкаў. Масена падыходзiў iм яшчэ i таму, што - як гэта нi парадаксальна - у iх планеталагiчнай мiкраэкспедыцыi не было нiводнага сапраўднага планетолага, бо i Круль таксама iм не з'яўляўся. Дзiўна ўсё ж, як няўдала могуць скласцiся адносiны трох нармальных, звычайных людзей у такой скалiстай пустынi, якой было Паўднёвае плато Ёты Вадалея. I нават без спецыяльных намаганняў з чыйго-небудзь боку.

Была ў гэтым калектыве яшчэ адна асоба, хоць i не чалавек - ужо названы вышэй Анэль, або Аўтамат Нелiнейны, адна з найноўшых мадэляў, якiя выпускалiся на Зямлi для даследаванняў з высокай ступенню самастойнасцi. Масена быў з iмi - у якасцi кiбернетыка - выключна як данiна старой традыцыi, бо рэгламент патрабаваў, каб там, дзе ёсць аўтамат, абавязкова быў яшчэ нехта, хто мог бы ў выпадку неабходнасцi яго адрамантаваць. Рэгламенту было ўжо добры дзесятак гадоў - як вядома, iнструкцыi мяняюцца не так часта, - але Анэль, як не раз казаў сам Масена, мог бы пры патрэбе адрамантаваць нават яго самога.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]