Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 26 из 278

А што скажаш, калi валасы маюць прыемны колер i бляск i пад праменнем сонца мацней пачнуць праяўляць ззянне або спакойны водблiск i мяняць свой чароўны выгляд - то палымнець золатам, то апускацца ў далiкатны мядовы цень, то крумкачовай чарнатой спаборнiчаць з апярэннем галубiных грудзей? Што скажаш, калi напамаджаныя арабскiмi мазямi, раздзеленыя зубамi вострага грэбеня на дробныя пасмы i сабраныя назад, пачнуць прыцягваць зрок каханага, адбiваючы яго аблiчча накшталт люстэрка цi яшчэ мiлей? Што скажаш, калi, заплеценыя ў мноства кос, яны раскладваюцца на галаве або, адкiнутыя, шырокай хваляй ападаюць па плячах? Адным словам, прычоска мае такое вялiкае значэнне, што ў якую б дарагую вопратку з золатам i каштоўнасцямi жанчына нi апранулася, чым бы нi ўпрыгожылася, калi не спарадкавала сваiх валасоў, прыбранай назвацца не можа.

Мая Фацiда апранена не вычварна, а натуральны непарадак валасоў надаваў ёй прывабнасцi, бо пышныя пасмы, злёгку распушчаныя, звiсалi з патылiцы, рассыпалiся ўздоўж шыi i, ледзь-ледзь завiваючыся, ляжалi на аблямаваннi тунiкi. На канцах былi яны сабраныя, а на версе галавы сцягнутыя вузлом.

10. Я ўжо не мог цярпець далей пакут палкай пажадлiвасцi i, прытулiўшыся да дзяўчыны ў месца, адкуль яе валасы былi зачасаныя на верх галавы, паклаў сама салодкi пацалунак.

Тады яна трохi адсунулася, павярнулася да мяне i, скоса глянуўшы, кажа: "Гэй, ты, шкаляр! За кiсла-салодкую закуску хапаешся! Глядзi, каб, аб'еўшыся мёдам, не адчуў горычы жоўцi".

|< Пред. 24 25 26 27 28 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]