Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
24 из 278
Не помнячы сябе ад нецярплiвасцi, я вырываюся з рук Бiрэны, як з кайданоў i, хутка сказаўшы "бывай", iмчуся ў дом Мiлона. Паскараючы крок, як дурнаваты, кажу сам сабе: "Дзейнiчай, Луцый, не будзь разявакам i трымайся! Вось табе жаданы выпадак, цяпер можаш здаволiцца даўно чаканымi цудоўнымi казкамi. Адкiнь дзiцячыя страхi i горача бярыся за справу, толькi ўстрымайся ад абдымкаў сваёй гаспадынi i лiчы свяшчэнным ложак сумленнага Мiлона! Аднак трэба асаблiва пастарацца каля служанкi Фацiды! Яна ж i з твару прынадная, i рэзвага нораву, i вострая на язык. Учора вечарам, калi ты валiўся ад сну, як жа клапатлiва правяла яна цябе ў спальню, ветлiва ўклала ў пасцель, добра i старанна накрыла i, пацалаваўшы ў лоб, пайшла, некалькi разоў азiрнуўшыся. Што ж, удачы мне! Што будзе, тое будзе, папрабую шчасця з Фацiдай!"
7. Так разважаючы, дайшоў я да Мiлонавых дзвярэй, галасуючы, як гаворыцца, за сваю прапанову. Але дома не застаю нi Мiлона, нi яго жонкi, а толькi маю дарагую Фацiду. Яна рыхтавала сваiм гаспадарам рагу, прыемны пах якога я пачуў ужо здалёк. Апранутая была яна ў палатняную тунiку, падперазаную высока пад грудзьмi прыгожым чырвоным поясам, i спрытнымi ручкамi размешвала цеста ў гаршку, а яе гэтыя кругавыя рухi суправаджалiся частымi ўздрыгваннямi, i ад таго яе клубы плаўна, ледзь прыкметна пакалыхвалiся, а спiна яе цудоўна хвалявалася i хiсталася. Захоплены гэтым вiдовiшчам, я аслупянеў, стаю i дзiўлюся; узрушылiся i мае члены, якiя былi дагэтуль у супакоi.
|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|