Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 36 из 278

"Тысяча нумаў вызначаецца табе, - кажа той, - толькi пастарайся пiльна сцерагчы труп ад злых гарпiяў, бо гэта цела сына аднаго з сама знакамiтых жыхароў горада!" "Глупства, - кажу, - ты мне ўтлумачваеш. Я чалавек жалезны, якога сон не бярэ, пiльнейшы, чым Лiнцэй цi Аргус, адным словам, я ўвесь вока!"

Толькi я гэта сказаў, як ён ужо вядзе мяне да нейкага дома з наглуха зачыненай брамай. Упусцiў мяне праз нейкую маленькую брамку, адчынiў дзверы ў цёмны з пазачынянымi вокнамi пакой, дзе сядзела збедаваная матрона, захутаная ў цёмнае адзенне. Наблiзiўшыся да яе, ён кажа: "Вось прыйшоў чалавек, якi не збаяўся наняцца вартаўнiком твайго мужа".

Тады яна адкiнула валасы, якiя закрывалi яе твар, i, паказаўшы прыгожае, нягледзячы на гора, аблiчча, гаворыць, пазiраючы мне ў вочы: "Глядзi, прашу цябе, як найпiльней зрабi гэту справу". "Не турбуйся, - адказваю ёй, - толькi падрыхтуй адпаведную ўзнагароду".

24. Заспакоеная адказам, яна ўстала i вядзе мяне ў другi пакой. Там знаходзiлася цела, накрытае белым пакрывалам. Паклiкаўшы сямёра сведкаў, дама зняла палотны, хвiлiну паплакала над памерлым i ўрэшце паклiкала прысутных засведчыць, што цела не пашкоджанае, i пачала пералiчваць розныя яго часткi, а нехта побач запiсваў яе словы ў таблiчкi. "Вось, - кажа, - нос цэлы, вочы непапсаваныя, вушы цэлыя, губы нечапаныя, падбародак ёсць. Ува ўсiм гэтым вы, добрыя квiрыты, будзьце сведкамi". Пасля гэтага да таблiчак былi прымацаваны пячаткi, а яна накiравалася да выхаду. А я кажу: "Загадай, панi, каб падрыхтавалi ўсё патрэбнае мне для работы". "А што менавiта?" - пытаецца.

|< Пред. 34 35 36 37 38 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]