Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
37 из 278
"Лямпу, - кажу, - алею, каб да свiтання хапiла святла, цёплай вады, добры збан вiна, келiх ды паднос з астаткам вашай вячэры". Тут яна пакiвала галавой i кажа: "Цi пры сваiм ты розуме? У доме жалобы хочаш атрымаць вячэру тады, як у нас ужо каторы дзень на кухнi не паляць! Ты што, банкетаваць сюды прыйшоў? Лепш бы пабедаваў i паплакаў, як у такiм месцы належыць!" Пасля гэтага звярнулася да служанкi: "Мiрына, прынясi зараз лямпу i алею, потым замкнеш вартаўнiка i вяртайся".
25. Так пакiнуты сам-насам з трупам, я працiраю вочы, каб адбiцца ад сну, i, каб падбадзёрыцца, спяваю цiха нейкую песеньку. Тым часам пачынае змяркацца, цямнее, цемра гусцее, настае глыбокая ноч i поўная цемрадзь. А мой страх усё павялiчваецца. Раптам аднекуль выпаўзае ласка, спыняецца насупраць мяне i так пiльна глядзiць на мяне, што ад такой нахабнасцi гэтага маленькага звярка я зусiм збянтэжыўся. Нарэшце кажу ёй: "Iдзi прэч, паганае стварэнне! Выбiрайся да мышэй, яны твая кампанiя, iдзi, пакуль я цябе не выкiнуў вон! Iдзi прэч!" Яна павярнулася i ўмомант знiкла. Але ў тую ж хвiлiну глыбокi сон апусцiў мяне ў нейкую бездань так, што сам дэльфiйскi бог не змог бы адгадаць, якое з двух ляжачых цел было нежывое. Гэтак, нiчога не адчуваючы i сам маючы патрэбу ў вартаўнiку, я нiбыта ў тым пакоi i не быў.
26. I вось моцны крык пеўня абвясцiў, што ноч канчаецца. Я прачнуўся, ахоплены страхам, i бягу са свяцiльнiкам да трупа, адхiнаю з твару пакрывала i пачынаю разглядаць кожную рыску - нiчога не было пашкоджана.
|< Пред. 35 36 37 38 39 След. >|