Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 38 из 278

Зараз жа i збедаваная жонка са слязьмi, у трывозе ўваходзiць з учарашнiмi сведкамi, кiдаецца на цела мужа, доўга абсыпае яго пацалункамi i пры святле лямпы пераконваецца, што ўсё ў парадку. Тады, адвярнуўшыся, клiча свайго загадчыка хатнiх спраў Фiладэспата i загадвае яму выдаць добраму вартаўнiку плату. Грошы хутка прынеслi, i дама мне гаворыць: "Мы табе, хлопча, вельмi ўдзячныя, i, клянуся Геркулесам, за такую добрую службу будзем лiчыць цябе ад гэтай хвiлiны членам нашага дому". На гэта я, узрадаваны нечаканым набыткам i адурманiўшыся блiскучымi залатымi манетамi, якiмi падзынкваў у руцэ, кажу: "Лiчы мяне, панi, сваiм слугой i, колькi б разоў нi аказалася патрэба ў маёй службе, смела мне загадвай!"

Ледзь толькi я гэта сказаў, як прысутныя, праклiнаючы жудаснае прароцтва, накiнулiся на мяне: хто кулаком заехаў у зубы, хто локцямi таўчэ ў плечы, хто рукамi дае пад бакi, нагамi топчуць, за валасы цягаюць, iрвуць адзежу...

Так, абдзёрты i раскалмачаны, нiбы ганарысты Аанiйскi юнак або сын пiплейскай музы, быў я выкiнуты з дому.

27. I пакуль я на суседняй вулiцы ачухаўся, прыпамiнаючы са спазненнем бязглуздае i злавеснае значэнне сваiх слоў i прызнаючы, што варт яшчэ большага пакарання, аплаканага i абгалошанага нябожчыка вынеслi з дому. А дзеля таго, што хавалi арыстакрата, дык старым звычаем, наладжаная за грамадскi кошт, багатая працэсiя праходзiла праз форум.

|< Пред. 36 37 38 39 40 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]