Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 61 из 278

А яна, як толькi ўбачыла мяне ў такiм выглядзе, закрыла твар рукамi i выкрыкнула: "Ах, гора ж маё! Падвяло мяне маё хваляванне i мая паспешлiвасць! Увяло ў зман i падабенства скрыначак! Яшчэ добра тое, што сродак супраць такога ператварэння зрабiць лёгка, варта табе пажаваць ружу, i ты станеш, скiнуўшы воблiк асла, зноў маiмЛуцыем. Чаму ж я ўчора не прынесла, як заўсёды, якiх-небудь вяночкаў! Табе б i адной ночы чакаць не прыйшлося! Але як толькi пачне свiтаць, будзе табе лякарства!"

26. Так яна бедавала, а я, хоць i зрабiўся сапраўдным аслом, з Луцыя ператварыўся ва ўючную жывёлiну, усё ж захаваў чалавечае разуменне. Нейкi час я разважаў, цi не варта было б мне забрыкаць цвёрдымi капытамi i да смерцi закусаць гэту нягодную жанчыну. Аднак ад гэтага безразважнага намеру паўстрымала мяне разумнейшае меркаванне: пакараўшы смерцю Фацiду, я пазбавiў бы сябе надзеi на выратаванне. I вось, страсянуўшы нiзка апушчанай галавой, iду маўчком, змiраны са сваiм часовым прынiжэннем, да свайго каня, вернага майго слугi, у канюшню, там застаю яшчэ аднаго асла, якi належаў майму гаспадару Мiлону.

Я спадзяваўся, што калi iснуюць памiж бязмоўнымi жывёлiнамi якiя-небудзь тайныя i прыродныя ганаровыя абавязкi, дык мой конь, пазнаўшы мяне i паспачуваўшы, павiнен праявiць гасцiннасць i прыняць мяне, як знакамiтага чужаземца. Аднак, о справядлiвы Юпiтэр, i ты, запаветны бог Вернасцi! Мой слаўны носьбiт разам з аслом ссоўваюць морды i згаворваюцца мяне загубiць. Баючыся за свой корм, як толькi я падсунуўся да ясляў, яны, наставiўшы ў злосцi вушы, пачынаюць мяне брыкаць. I так адагналi яны мяне ад ячменю, якi я ўчора сваiмi рукамi насыпаў гэтаму стараннаму слузе.

27. Пасля такой непрыхiльнай сустрэчы я застаўся ў адзiноце i адышоўся ў кут канюшнi.

|< Пред. 59 60 61 62 63 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]