Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
62 из 278
I вось пакуль я разважаю аб нахабнасцi маiх сяброў i прыдумваю, як заўтра, ператварыўшыся пры дапамозе ружаў зноў у Луцыя, адпомшчу свайму нявернаму каню, раптам бачу на сярэднiм слупе, якi падпiраў бэлькi канюшнi, амаль на самай сярэдзiне абраз багiнi Эпоны, устаўлены ў нiшу i старанна ўпрыгожаны гiрляндамi з ружаў. Убачыўшы сродак паратунку, акрылены надзеяй, я стаў на заднiя ногi, абапёрся пярэднiмi i як толькi мог выцягнуў губы, каб дацягнуцца да гiрляндаў. Ды, на маё няшчасце, мой слуга, якому было даручана даглядаць каня, заўважыўшы мой намер, абурана ўскочыў. "Колькi можна цярпець, - выкрыкнуў ён, - гэту клячу? Толькi што адбiраў ад жывёлы корм, а цяпер узяўся за выявы багоў! Я цябе, святататнiк, так адлупцую, што закульгаеш i зробiшся калекам!" I зараз жа пачаў шукаць, чым мяне набiць. Пад руку трапiла яму вязанка дроў, якая там выпадкова ляжала, дык, выбраўшы адпаведны калок яшчэ з неабдзёртымi лiстамi, датуль мясiў мяне, няшчаснага, пакуль знадворку не пачуўся грукат у дзверы, а побач нехта не закрычаў: "Разбойнiкi!" Тады ён спалохаўся i ўцёк.
28. Не прайшло i хвiлiны, як шайка разбойнiкаў, разламаўшы браму, запаўняе сабой усё. Усе памяшканнi акружаны ўзброенымi людзьмi, а тыя, што бягуць на ратунак, усюды натыкаюцца на ворага. Ува ўсiх у руках паходнi, якiя разганяюць начны змрок, усе ўзброеныя мячамi. Зброя i полымя ззяюць, як сонца на ўзыходзе. Ударамi сякер узломваюць разбойнiкi Мiлонаву камору, якая знаходзiлася ў сярэдзiне дома i была замкнёная на моцныя засаўкi i замкi. Там зберагалася ўсё Мiлонава багацце.
|< Пред. 60 61 62 63 64 След. >|