Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
63 из 278
Уварваўшыся туды, рабаўнiкi паспешлiва выцягваюць усё дабро i, павязаўшы яго ў вузлы, дзеляць памiж сабой. Аднак колькасць клункаў большая за лiк насiльшчыкаў. Тады яны выводзяць з канюшнi нас - двух аслоў i майго каня, навальваюць на нас чым найбольш сама цяжкiх вузлоў i гоняць нас палкамi прэч з начыста абрабаванага дома. Пакiнуўшы аднаго са сваёй шайкi назiраць, як будзе разбiрацца гэта злачынства, уся група разбойнiкаў, асыпаючы нас ударамi палак, хутка гонiць непраходнымi сцежкамi ў горы.
29. Я быў ледзь жывы пад цяжарам такой паклажы ад стромкасцi гары i ад доўгай дарогi. Тут мне, хоць i пазнавата, затое ўсур'ёз прыйшла ў галаву думка папрасiць дапамогi ў мясцовых улад i, скарыстаўшы паважанае iмя iмператара, збавiцца ад гэтулькiх нягод. Калi ўжо пры дзённым святле мiналi мы нейкае мнагалюднае сяло, дзе з прычыны кiрмашу было вялiкае скопiшча народу, я ў самай гушчынi натоўпу спрабаваў азвацца на роднай мове грэкаў да боскага iмя Цэзара, але выкрыкнуў голасна i выразна толькi "О", а далейшых гукаў iмя Цэзара вымавiць не змог. Разбойнiкам не спадабаўся мой дзiкi крык, i яны так вырабiлi маю няшчасную скуру, што яна аказалася непрыдатнай нават на рэшата. I ўсё ж сам Юпiтэр паслаў мне неспадзяваны ратунак. Мiнаючы мноства хацiнак i вялiкiх двароў, убачыў я нейкi садок, у якiм памiж iншых раслiн цвiлi цнатлiвыя ружы, вiльготныя ад ранiшняй расы.
|< Пред. 61 62 63 64 65 След. >|