Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 70 из 278

Яму адказаў адзiн з прыбылых пазней: "Няўжо ты адзiн толькi ведаеш, што чым багацейшы дом, тым лягчэй яго абрабаваць? Хоць там i шмат чаляднiкаў у прасторных пакоях, але кожны з iх больш дбае аб сваiм ратунку, чым аб гаспадарскай маёмасцi. А маленькiя беражлiвыя адзiнокiя людзi сваё, часта немалое багацце хаваюць далёка, ахоўваюць моцна i бароняць з рызыкай для жыцця. Магу даказаць гэта прыкладам. Як толькi ўвайшлi мы ў сямiбрамныя Фiвы, адразу, згодна з нашым рамяством, пачалi старанна выведваць, цi ёсць сярод жыхароў горада багатыя людзi, i, даведаўшыся, што пражывае там нейкi лiхвяр Хрызерас, уладальнiк вялiкага багацця, якi, каб не плацiць падаткаў i не выконваць грамадскiх павiннасцяў, захоўвае сваю маёмасць вялiкiмi хiтрыкамi, вырашылi яго памацаць. У маленькай з моцнымi запорамi хацiне сядзеў ён, абдзёрты i брудны, на сваiх мяшках з золатам. Мы вырашылi зрабiць налёт на яго першага, спадзеючыся, што адзiн чалавек не зможа моцна супрацiўляцца, дык мы без лiшнiх клопатаў завалодаем яго багаццем.

10. Як толькi сцямнела, мы пачалi сачыць за яго дзвярамi. Здымаць з крукоў, выбiваць цi ламаць iх было нам нязручна, бо былi яны моцныя i грукат мог бы пабудзiць усiх суседзяў. Дык наш правадыр, незабыўны Ламах, разлiчваючы на свой спрыт, асцярожна прасоўвае руку ў адтулiну, у якую ўкладаюць ключ, i намагаецца адцягнуць засаўку. А той Хрызерас, сама нягодны з двухногiх, не спаў i чуў усё, што рабiлася. Моўчкi, нячутнымi крокамi падкраўся ён i, нечакана нанёсшы ўдар, вялiкiм цвiком прыбiў руку нашага важака да дзвярэй.

|< Пред. 68 69 70 71 72 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]