Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 71 из 278

I так, пакiнуўшы яго, быццам укрыжаванага, вылез на дах хацiны i пачаў крычаць не сваiм голасам,што раптоўны пажар ахапiў яго дом, клiкаць на дапамогу, называючы кожнага суседа па iмю. Тут кожны, напалоханы блiзкай бядой, бяжыць на ратунак.

11. Апынуўшыся перад выбарам або ўсiм загiнуць, або пакiнуць сябра, мы з яго згоды выкарыстоўваем незвычайны, вымушаны сродак: ударам па звязках, дзе перадплечча злучаецца з плячом, адсякаем руку нашаму камандзiру i, заткнуўшы рану жмутам ануч, каб кроплi крывi не выдалi нашых слядоў, пакiдаем абрубак, а Ламаха цягнем за сабой. Пакуль навокал трывала замяшанне, а мы былi ў страху ад шуму i навiслай небяспекi, гэты слаўны моцнай воляй муж, разумеючы, што бегчы з намi не зможа i заставацца яму немагчыма, настойлiва пераконвае нас, сардэчна просiць, заклiнаючы правай рукой Марса, вернасцю нашаму саюзу вызвалiць яго ад пакут i палону. "Як можа жыць прыстойны разбойнiк, - казаў ён, - без рукi, якая забiвае i рабуе?" Ён лiчыў бы сябе шчаслiвым, калi б загiнуў ад рукi таварыша. Не здолеўшы ўгаварыць нiкога з нас на добраахвотнае бацьказабойства, выняў здаровай рукой свой меч, доўга яго цалаваў, а пасля моцным ударам убiў яго ўсярэдзiну сваiх грудзей. Тады мы, шануючы памяць нашага велiкадушнага камандзiра, ахуталi старанна яго цела палатняным плашчом i апусцiлi ў мора. Цяпер наш Ламах спачывае, пахаваны стыхiяй. Такая была яго смерць, вартая яго доблеснага жыцця.

12. А Алцiм не мог, нягледзячы на сваю вынаходлiвасць, даць рады волi злога лёсу.

|< Пред. 69 70 71 72 73 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]