Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 78 из 278



Так Фразiляон, гонар i краса нашай шайкi, аддаў сваё вартае бессмяротнасцi жыццё, не страцiўшы цярплiвасцi i не парушыўшы нi адным крыкам нашай святой прысягi. Раздзiраны зубамi, прабiваны зброяй, адказваў ворагам глухiм выццём i звярыным рыканнем, пераносячы бяду з высакароднай стойкасцю, i аддаў душу лёсу, заслужыўшы несмяротную славу. Прытым ён так напалохаў усё тое зборышча, што да самага белага дня не знайшлося такога, хто б да ўжо забiтага, распасцёртага звера дакрануўся хоць пальцам. I толькi ўраннi нейкi мяснiк, нясмела падышоўшы, распароў бруха мядзведзiхi i з жахам выявiў у iм адважнага разбойнiка. Так загiнуў Фразiляон, але слава яго не загiнула.

А мы, паспешлiва спакаваўшы здабычу, якую збераглi нам нябожчыкi, хуткiм маршам пакiнулi Платэю i не раз падумалi, што вернасць, якой мы не знаходзiм у жыццi, грэбуючы каварствам жывых, перасялiлася да мёртвых.

I вось, зусiм знясiленыя ад цяжару ношак i цяжкасцяў дарогi, страцiўшы трох сяброў, прыносiм мы здабычу, якую вы бачыце".

22. Пасля заканчэння гэтага апавядання ўсе п'юць на ўспамiн памерлых хаўруснiкаў з залатых кубкаў неразбаўленае вiно, а потым, падбадзёрыўшы сябе некалькiмi песнямi ў гонар Марса, крыху супакойваюцца. А нам успомненая раней старая, не паскупiўшыся, насыпала вышэй меры свежага ячменю, але мой конь захапiў увесь гэты аброк у выключнае сваё карыстанне, а я мог сябе ўявiць на банкеце салiяў.

|< Пред. 76 77 78 79 80 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]