Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
79 из 278
Да гэтага часу я прызнаваў ячмень толькi дробна змолаты i добра развараны, дык пачаў шнарыць па кустах i знайшоў цэлую кучу хлебных скарынак, якiя засталiся ад бандыцкiх застолляў, i пусцiў у ход сваё горла, што ад доўгай галадоўкi запяклося i ўжо зарасло павуцiннем.
Сярод ночы разбойнiкi прачынаюцца, пераапранаюцца, пераўзбройваюцца i, хто з мячом, а хто прыбраўшыся ў лемураў, адпраўляюцца спешным маршам. А я ўсё прагна еў ды так, што нават сон, якi мяне адольваў, не мог адарваць ад ежы. Калi я быў яшчэ Луцыем, дык каб наесцiся, мне хапала аднаго-двух хлябкоў, а цяпер пры такiм вялiкiм страўнiку перажоўваў ужо трэцi кошык i вельмi здзiвiўся, як застаў мяне за гэтым заняткам свiтанак.
23. Нарэшце, кiраваны аслiнай сарамлiвасцю, з цяжкасцю адарваўшыся ад корму, натольваю смагу ў суседнiм ручаi. Неўзабаве пачынаюць вяртацца разбойнiкi, незвычайна занепакоеныя, не прынёсшы з сабой нiякага клунка i нiякай, нават дробнай, рэчы. Усiмi сваiмi сiламi, зброяй i намаганнямi ўсёй шайкi прывалакаюць адну толькi дзяўчыну, мяркуючы па рысах твару i вопратцы, прадстаўнiцу высокага роду.
Клянуся Геркулесам, што нават у такiм асле, як я, яна, хоць i гаравала, i рвала на сабе валасы i адзенне, магла выклiкаць пажадлiвасць. Прывёўшы яе ў пячору, бандыты стараюцца супакоiць i ўгаварыць, каб перастала адчайвацца, i так гавораць: "Тваё жыццё i твой гонар не ў небяспецы, пацярпi трохi, дай нам атрымаць за цябе выкуп, бо наша беднасць змушае нас займацца такiмi справамi. А твае бацькi, хоць i вельмi даражаць сваiм багаццем, усё ж пастараюцца сваё дзiця выкупiць".
24.
|< Пред. 77 78 79 80 81 След. >|