Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
90 из 278
Пасля багатага стала ўвайшоў нябачны хтось i заспяваў, а другi зайграў на кiфары, якой яна таксама не бачыла. Чулася шмат галасоў, i, хоць нiхто з людзей не з'яўляўся, можна было зразумець, што пяе хор.
4. Пасля гэтых забаў i заняткаў з надыходам цемнаты пайшла Псiхея спаць. Раптам глыбокай ноччу будзiць яе нейкi лёгкi шолах. Вельмi баючыся за сваё дзявоцтва, спалохана чакае яна ў гэтай самоце невядомай бяды. I вось увайшоў яе таямнiчы муж, узышоў да яе на ложак i стаў яе сапраўдным мужам. Ранiцай перад усходам сонца ён моўчкi падняўся i пакiнуў спальню. I ў тую самую хвiлiну ветлiвыя галасы акружаюць маладую, што страцiла цнатлiвасць...
Так працягвалася доўгi час. Псiхея пачала прывыкаць да новых абставiн. Спачатку ўсё здавалася ёй чужым, а пасля, паводле законаў прыроды, частыя спатканнi становяцца ёй штораз прыямнейшымi. Гутаркi з нябачным мужам былi ў яе самоце вялiкай уцехай.
Тым часам яе бацькi старэлi ў сваiм няўцешным горы, але чутка пра лёс дзяўчыны дайшла да старэйшых сёстраў. Яны, даведаўшыся пра тое, як жыве Псiхея, пакiнулi свае хатнiя агнiшчы i, змрочныя i затурбаваныя, падалiся адна за адной парадзiцца з бацькамi.
5. А ў тую ж ноч муж Псiхеi, якi быў недаступны толькi зроку, а не слыху i дотыку, казаў так: "Дарагая мая Псiхея, наймiлейшая мая жонка! Няўмольны лёс пагражае табе вялiкай небяспекай, да якой павiнна ты аднесцiся з найвялiкшай асцярожнасцю. Твае сёстры не вераць у чутку аб тваёй смерцi. Хутка прыйдуць яны на тую скалу шукаць тваiх слядоў.
|< Пред. 88 89 90 91 92 След. >|