Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 89 из 278

Сапраўды, двойчы, а то i болей шчаслiвыя тыя, што ступаюць па золаце i дарагiх камянях! Такое ж невыказнае багацце вiдаць ва ўсiх частках гэтага вялiзнага будынка - усе сцены, пакрытыя золатам, ззяюць такiм бляскам, што каб нават сонца перастала свяцiць, дык яны б залiлi ўвесь дом дзённым святлом, бо зiхацiць у iм кожны пакой, кожны балкон, кожная створка дзвярэй.

I ўсе iншыя прадметы не менш адпавядаюць багаццю дома, i можна падумаць, што сам вялiкi Юпiтэр стварыў гэтыя пакоi нябесныя для сваiх сустрэч са смяротнымi.

2. Захапiўшыся гэтай небывалай прыгажосцю, падыходзiць Псiхея блiжэй, адважыўшыся, пераступае парог i неўзабаве з вялiкай цiкавасцю разглядае ўсе прадметы цудоўнага палаца. Пазней знаёмiцца з багаццем, якое знаходзiцца ў збудаваным за домам вялiкiм свiрне. Няма таго на зямлi, чаго б там не было!

Але найдзiўнейшым было тое, што нiхто гэтага багацця не пiльнаваў, не было там нiякiх ланцугоў, нiякiх засавак i нiякiх вартаўнiкоў. I калi яна так аглядала ўсе тыя каштоўнасцi, аднекуль пачуўся голас, хоць нiдзе нiкога не было вiдаць: "Што дзiвiшся, панi, з такога багацця? Гэта ўсё тваё. Iдзi ў спальню i адпачнi ад стомы ў пасцелi, а калi жадаеш, загадай нарыхтаваць купанне. А мы, чые галасы ты чуеш, твае служкi, мы будзем старанна табе прыслугоўваць. Як толькi будзеш гатова, перад табой з'явiцца багаты стол".

3. Псiхея адчула вялiкую асалоду ад такiх прыветлiвых слоў i, паслухаўшыся невядомага голасу, спачатку сном, а пасля купаннем зняла з сябе рэшткi стомы. Убачыўшы перад сабой паўкруглы стол, накрыты для яе, ахвотна ўзялася за ежу. I ў той жа час розныя, быццам нектар, вiны i сама далiкатныя i смачныя стравы падаюцца ёй нiбы на хвалях ветру, а слуг зусiм не вiдаць. Яна чула толькi iхнiя галасы.

|< Пред. 87 88 89 90 91 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]