Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
91 из 278
Калi часам пачуеш iхнiя галашэннi, не адказвай iм i старайся нават не глядзець утой бок, бо наклiчаш на мяне вялiкую непрыемнасць, а на сябе немiнучую загубу".
Яна кiўнула галавой на знак згоды i абяцала рабiць так, як раiў муж. Але як толькi ён з канцом ночы знiк, яна ўвесь дзень праплакала i прагаласiла, паўтараючы, што тут яна абавязкова загiне, замкнёная ў богаслаўлёную цямнiцу, без сувязi з людзьмi, дзе нават сёстрам, якiя па ёй гаруюць, не можа дапамагчы цi хоць на кароткi час з iмi ўбачыцца. Так, не еўшы i не пiўшы i нi да чога не дакрануўшыся, пайшла яна спаць.
6. Праз момант на ложку побач з ёй з'явiўся яе муж i, абняўшы заплаканую, пытаецца: "Цi ж гэта ты мне, мая Псiхея, абяцала? Чаго ж мне, твайму мужу, ад цябе чакаць, чаго спадзявацца? Нi ўдзень, нi ўночы, нi нават у мужавых абдымках не сцiхаюць твае пакуты. Што ж, рабi як знаеш, паддайся патрабаванням сваёй душы, якая цягне цябе да згубы. Аднак, калi надыдзе запозненае нараканне, прыпомнi мае сур'ёзныя папярэджаннi". Тады яна просьбамi i пагрозамi, што памрэ, дамаглася ад мужа згоды на сустрэчу з сёстрамi, каб зменшыць iхнюю журбу i пагутарыць з iмi. Так паслухаўся муж просьбаў сваёй жонкi, а нават дазволiў ёй падараваць iм з залатых упрыгожанняў цi з каштоўных камянёў, што ёй уздумаецца. Аднак моцна i не раз папярэджваў, падмацоўваючы свае словы пагрозамi, што калi яна, паддаўшыся ўгаворам сёстраў, захоча ўбачыць свайго мужа, то гэтай блюзнерскай цiкавасцю скiне сябе з вяршынi свайго шчасця i назаўсёды пазбавiцца яго абдымкаў.
|< Пред. 89 90 91 92 93 След. >|