Пярсцёнак Лёвеншольдаы (на белорусском языке)   ::   Лагерлеф Сельма

Страница: 71 из 115



VIII

Аднойчы восенню, год празтрыццаць пасля той незабыўнай гульнi ў косцi на плошчы перад судовай палатай у Брубю, Марыт Эрыксдотэр сядзела на ганку невялiкай палевай клецi ў сядзiбе Стургордэн, дзе яна жыла, i вязала дзiцячыя рукавiчкi. Ёй хацелася звязаць iх прыгожым узорам палоскай i клеткай, каб яны парадавалi дзiця, якому яна збiралася iх падарыць. Але яна не магла прыгадаць якi-небудзь узор.

Пасля таго як яна доўгi час праседзела на ганку, малюючы прутком на прыступцы ўзоры, яна пайшла ў клець i адчынiла сундук з адзеннем, каб знайсцi якi-небудзь узор, па якiм магла б звязаць рукавiчкi. На самым дне сундука яна наткнулася на адмыслова звязаную шапачку з кутасiкам, узорную з мноствам разнастайных квадрацiкаў i палосачак; пасля пэўнага вагання яна ўзяла шапачку з сабой на ганак.

Круцячы шапачку на ўсе бакi, каб разабрацца з узорыстай вязкай, яна заўважыла, што шапачка дзе-нiдзе паедзена моллю. "Госпадзi божа, не дзiўна, што шапачка сапсавана, - падумала яна. - Прайшло, пэўна, сама меней трыццаць гадоў з таго часу, як яе насiлi. Добра, што я хоць выцягнула яе з сундука i бачу цяпер, што з ёю сталася".

Шапачка была ўпрыгожана вялiкiм i пышным рознакаляровым кутасiкам, i ў iм якраз молi, вiдаць, i было раздолле. Варта было Марыт страсянуць шапачку, як нiткi паляцелi на ўсе бакi. А кутасiк, дык той нават адарваўся i ўпаў ёй на каленi. Яна падняла кутасiк i пачала разглядваць, цi занадта сапсаваны ён i цi нельга яго зноў прымацаваць, аднак пры гэтым яна раптам заўважыла, што сярод нiтак штосьцi блiснула.

|< Пред. 69 70 71 72 73 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]