Пярсцёнак Лёвеншольдаы (на белорусском языке)   ::   Лагерлеф Сельма

Страница: 89 из 115

Успомнiлi, што нейкая старая цыганка была на кухнi ў той самы дзень, калi ў Хедэбю банкетавалi, i гатовыбылi ехаць у далёкiя фiнскiя лясы*, каб схапiць яе. Усе сталi падазроныя i безразважныя. Гаспадыня падазравала аканомку, аканомка - служанак, служанкi - адна адну i ўвесь белы свет. То адна, то iншая прыходзiла з пачырванелымi ад слёз вачыма, бо думала, што падазраюць якраз яе ў крадзяжы гэтых дзвюх лыжак.

* Маецца на ўвазе глухi лясны раён на поўначы Вермланда, месца пасялення фiнскiх каланiстаў, якiя жылi ў вялiкай галечы.

Гэта працягвалася некалькi дзён, аднак так нiчога i не знайшлi, i дзяўчына Спак пачала адчайвацца. Яна пабывала ў свiнарнiку i абшукала свiное карыта з пойлам, жадаючы паглядзець, цi не трапiлi туды лыжкi. Яна крадком прабралася на гарышча, дзе служанкi трымалi сваё адзенне, i тайком перакапала iх маленькiя куфэркi. Усё было марна, i дзе шукаць яшчэ - не ведала. Аканомка заўважыла, што баранэса з усiмi дамачадцамi падазраюць яе, нетутэйшую. Дзяўчына разумела, што яе звольняць з пасады, калi не адмовiцца сама.

Схiлiўшыся над плiтой, дзяўчына Спак стаяла на кухнi i плакала так горка, што слёзы яе капалi ўнiз i шыпелi на гарачай плiце. Раптам яна адчула, што ёй трэба павярнуцца. Так яна i зрабiла i нечакана ўбачыла, што каля сцяны стаiць Генерал, паказваючы рукой на палiцу, якая была прыладжана так высока i так нязручна, што нiкому нiколi не прыходзiла ў галаву класцi туды што-небудзь.

Генерал знiк, як i заўсёды, у той самы момант, калi i з'явiўся, але дзяўчына Спак вырашыла праверыць яго падказку.

|< Пред. 87 88 89 90 91 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]