Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 121 из 315



У мора навучылiся яны i гардзейства: цi ж бо мора - не пава над павамi?

I перад найбрыдчэйшым буйвалам раскукольвае яна хвост i нiколi не стамляецца круцiць сваiм карункавым веерам з срэбра i шоўку.

Атупела глядзiць на яе буйвал, i душа яго падобная на пясок, яшчэ больш падобная на нетру, а найбольш на балота.

Што яму хараство, i мора, i павiныя строi! Такую вось прыпавесць апавядаю я пра паэтаў.

Праўда, дух у iх - таксама пава над павамi i мора гардзейства!

Духу паэтаваму патрэбныя гледачы: хай гэта будуць хоць буйвалы!..

Але я стамiўся ад гэтага духу: i прадбачу час, калi ён стомiцца сам ад сябе.

Я ўжо бачыў паэтаў, якiя пераўтварылiся i звярнулi свой позiрк на сябе.

Я бачыў пакаянцаў духам: яны выраслi з паэтаў".

Так сказаў Заратустра.

Пра вялiкiя падзеi

На моры ёсць выспа - непадалёк ад шчасных выспаў Заратустры, - на ёй заўсёды курыцца вулкан; народ, i асаблiва старыя кабеты, казалi пра гэтую выспу, што яна каменная глыбiна перад брамаю ў пекла; а ўсярэдзiне самога вулкана ёсць вузкая дарога ўнiз да самай брамы.

I вось, у той самы час, калi Заратустра жыў на шчасных выспах, сталася так, што адзiн карабель кiнуў якар каля выспы, на якой курыўся той вулкан; i каманда сышла з карабля на бераг, каб папаляваць на трусоў.

|< Пред. 119 120 121 122 123 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]