Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 122 из 315

А калi пазней, недзе пад полудзень, капiтан i яго людзi сабралiся разам, яны раптам убачылi, што нехта ляцiць да iх у паветры, i нечы голас ясна сказаў: "Пара! Даўно пара!" Калi ж гэты прывiд наблiзiўся да iх - а ён шпарка, як цень, ляцеў да вулкана, - яны, ашаломленыя, пазналi ў iм Заратустру; бо ўсе, акрамя капiтана, бачылi яго няраз i любiлi, як любiць люд- спалучаючы любоў з нясмеласцю.

"Паглядзiце! - сказаў стары стырнiк, - Заратустра ляцiць у пекла!.."

Якраз таго самага часу, калi карабельнiкi прысталi да выспы, разнеслася пагудка, што Заратустра знiк; i калi пыталiся ў сяброў пра яго, тыя казалi, што ён уначы пайшоў да карабля, не сказаўшы, куды хоча адплысцi.

Так узнiк закалот, а праз тры днi, калi даведалiся пра вiдзежы ў карабельнiкаў, ён памацнеў; i ўвесь народ загаварыў, што Заратустру звалок д'ябал. Праўда, ягоныя вучнi смяялiся з гэтае галамоўзiны; адзiн сказаў нават: "Я хутчэй паверу, што Заратустра сам звалок д'ябла". Аднак у глыбiнi душы ўсе сумелiся i хвалявалiся: дзiва што радасцi было, калi на пяты дзень Заратустра паявiўся сярод iх.

I вось Заратустраў расказ пра гутарку з Агнявым Сабакам.

"Зямля, - сказаў ён, - мае абалонку; i абалонку гэтую абчапiлi хваробы. Напрыклад, адна такая хвароба называецца - "чалавек".

А другая хвароба называецца "Агнявы Сабака": i пра яго людзi хлусiлi i дазвалялi хлусiць.

Каб разамкнуць таямнiцу, перайшоў я мора i ўбачыў праўду голую! Босую з ног да галавы.

Цяпер я ведаю, што такое Агнявы Сабака i ўсе гэтыя дэманы вывяржэння i абвяржэння, якiх баяцца не адны толькi старыя кабеты.

"Выходзь, Агнявы Сабака, са сваёй прорвы! - крыкнуў я. - I прызнавайся, цi настолькi глыбокая прорва твая? Адкуль бярэцца ўсё тое, што ты вырыгаеш на нас?

Ты многа п'еш з мора: гэта вiдаць па солi твайго красамоўства.

|< Пред. 120 121 122 123 124 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]