Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 128 из 315

Тады вучань, якога ён найболей любiў, падняўся, схапiў Заратустру за руку i сказаў:

"Само жыццё тваё тлумачыць нам твой сон, о Заратустра!

Цi ж сам ты не вецер з вiхурным свiстам, якi адчыняе браму ў замку Смерцi.

Цi ж сам ты не дамавiна, поўная разнастайных i стракатых твараў зла, а таксама анёльскiх аблiччаў жыцця?

Сапраўды, як разнастайны - на тысячу ладоў - дзiцячы смех, уваходзiць Заратустра ва ўсе магiльнiцы, смяецца з начных ахоўцаў магiл, што брынчаць сваiмi ржавымi ключамi.

Страшыць i скiдаць ты iх будзеш сваiм смехам; i няпамяць iхняя, i абуджэнне засведчаць тваю ўладу над iмi.

I нават калi настануць доўгiя поцемкi i смяротная стома, ты не сыдзеш з небасхiлу нашага, о заступнiк жыцця!

Новыя зоркi ты нам паказаў i па-новаму даў нам убачыць велiкапышнасць начы; сам смех ты раскiнуў над намi, быццам шматкаляровы кiлiм.

Ад сёння i назаўсёды трупы мерцвякоў стануць крынiцай дзiцячага смеху; заўсёды будзе дзьмуць магутны вецер, будзе трыумфаваць над смяротнай стомленасцю: у гэтым ты зарука i вяшчун!

Сапраўды, iх ты саснiў, тваiх ворагаў: гэта быў твой сама цяжкi сон!

Але як пазбыўся ты гэтых вiдзежаў i здабыў сябе, так i яны павiнны прачнуцца ад самiх сябе - i прыйсцi да цябе!"

Так сказаў вучань; i ўсе астатнiя зграмадзiлiся вакол Заратустры, хапалi яго за рукi i ўмаўлялi яго пакiнуць ложак i скруху сваю i вярнуцца да iх. А Заратустра сядзеў проста на ложку, з чужым позiркам. Як чалавек, што вярнуўся з далёкай чужыны, глядзеў ён дапытлiва ў твары сваiм вучням; i яшчэ не пазнаваў iх.

|< Пред. 126 127 128 129 130 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]