Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 137 из 315



Каб Звышчалавеку не забракавала свайго цмока - Звышцмока, трэба, каб гарачае сонца яшчэ доўга палала над сырою нетрай!

Вашыя дзiкiя каты павiнны яшчэ зрабiцца тыграмi, а чарапахi кракадзiламi: бо спраўнаму мыслiўцу - спраўныя ловы!

I праўда, мае вы добрыя i справядлiвыя! Шмат смешнага ў вас, асаблiва страх перад тым, што дагэтуль называлася "чортам"!

Вы такiя чужыя душою вялiкаму, што Звышчалавек быў бы вам страшны ў сваёй даброцi!

I вы, мудрыя i ўсёведныя, уцяклi б ад палкай гарачы той мудрасцi, у якой Звышчалавек вялiкi ахвотнiк абмываць сваю галiзну!

А вы, людзi найвышэйшыя, якiх бачылi мае вочы! Я спаняверыўся ў вас i ўпотай смяюся з вас: я здагадваюся, - вы майго Звышчалавека чортам назвалi б!

Ах, я стамiўся ад гэтых "вышэйшых" i "найлепшых": мяне парывае падняцца вышэй ад iх "вышынi", прэч ад iх, угору, да Звышчалавека!

Жах агарнуў мяне, калi я ўбачыў гэтых "найлепшых" голых; i тады крылы выраслi ў мяне, каб лунаць у далёкiя будучынi.

У далёкiя будучынi, сама паўднёвы Поўдзень, далей за мроi ўсiх мастакоў: туды, дзе багi саромеюцца любой вопраткi.

Але я хачу бачыць пераапранутых вас, суседзi мае i блiзкiя, у прыгожых строях, шаноўных i славалюбных, як яно i належыць "добрым" i справядлiвым".

I сам я хачу сядзець сярод вас пераапрануты - каб не пазнаваць нi вас, нi сябе: i ў гэтым мая апошняя людская мудрасць.

Так сказаў Заратустра.

Найцiшэйшая гадзiна

"Што сталася са мною, сяброве мае? Вы бачыце, я - не ў гуморы, гнаны, слухаюся процi волi, гатовы iсцi - ах, iсцi ад вас!

Так, яшчэ раз мусiць Заратустра вярнуцца ў сваю самоту: але гэтым разам мядзведзь вельмi неахвотна вяртаецца ў бярлог.

|< Пред. 135 136 137 138 139 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]