Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 135 из 315



О сяброве мае, цi ўгадваеце вы i ў маiм сэрцы двайную волю?

Вось ён, мой схiл i мая небяспечная схiльнасць, калi мой позiрк iмкнецца ўгору, а рука шукае апоры ў пустой прасторы, спрабуе ўтрымацца за бездань!

За людзей чапляецца мая воля, ланцугамi вяжу сябе з людзьмi, бо мяне парывае ўгору да Звышчалавека; бо да яго iмкнецца мая другая воля.

Вось чаму я слепа жыву сярод людзей; проста, як бы я iх зусiм не ведаў: каб мая рука не зусiм страцiла веру ў цвёрдую апору.

Я не ведаю вас, людзi: гэтая цемра вакол мяне часта была мне суцяшэннем.

Я сяджу каля дарожнае брамы перад усiмi шэльмамi i пытаюся: хто хоча мяне ашукаць?

Мая першая людская мудрасць, што я даюся на падман, каб не дацца падманшчыкам.

Ах, калi б я баяўся чалавека, як бы ён тады мог быць якарам майму шарыку! Дужа лёгка панёс ён мяне ўгору i ўдалечыню!

Такое ўжо наканаванне майму лёсу, каб я жыў без асцярогi.

Калi той, хто жыве сярод людзей, не хоча памерцi ад смагi, ён павiнен навучыцца пiць з любой шклянкi; i хто не хоча застацца чыстым, павiнен умець умыцца i бруднай вадой.

Так я часта суцяшаў сам сябе: "Дарма! Нiчога, стары! Няшчасце ўвiнулася ад цябе: цешся ж гэтым, як шчасцем сваiм!"

А другая мая людская мудрасць: я болей шаную славалюбных, чым ганарыстых.

Цi ж параненая славалюбнасць не мацi ўсiх трагедый? А дзе паранена ганарыстасць, там вырастае нешта лепшае, чым яна сама.

Каб на жыццё было любасна глядзець, трэба, каб яго гульня была любасна згуляная: а на гэта спатрэбяцца добрыя акторы.

Добрых актораў я бачыў ва ўсiх славалюбцах: яны iграюць i хочуць, каб iмi захаплялiся - увесь дух iхнi ў гэтым жаданнi.

Яны выстаўляюць сябе, яны выдумляюць сябе: калi я побач з iмi, я люблю назiраць жыццё - гэта ацаляе ад маркоты.

|< Пред. 133 134 135 136 137 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]