Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 153 из 315



Прэч ад мяне, шчасная гадзiна! Супроць маёй волi прыйшла з табой шчаснасць. Гатовы на сама глыбокую скруху, я стаю тут: прыйшла ты не ў час!

Прэч ад мяне, шчасная гадзiна! Лепей знайдзi сабе сховiшча там, у сваiх дзяцей! Спяшайся! I яшчэ да вечара перадай iм дабраславенне майго шчасця!

Блiзка ўжо вечар: сонца садзiцца. Адышло маё шчасце!"

Так сказаў Заратустра. Цэлую ноч ён чакаў, калi да яго завiтае няшчасце: але марна чакаў. Ноч была ясная i цiхая, i само шчасце ўсё блiжэй, блiжэй падступалася да яго. А на золку засмяяўся Заратустра сэрцу свайму i сказаў пакеплiва: "Шчасце бегае за мною. Гэта таму, што я не бегаю за жанчынамi. А шчасце - жанчына".

На досвiтку

"О неба нада мною, о Чыстае! Глыбокае! О Бездань святла! Сузiраючы цябе, я трымчу ад боскiх жаданняў.

Кiнуцца ў тваю вышыню - гэта мая глыбiня! Схавацца ў тваю чысцiню - гэта мая нявiннасць!

Бога хавае яго прыгажосць: так ты хаваеш свае зоркi. Ты маўчыш: так ты мне абвяшчаеш сваю мудрасць.

Маўклiва раскiнулася ты над бурлiвым морам; любоў твая i сарамяжлiвасць звеставанне маёй душы.

Ты прыйшло да мяне, прыгожае, схаванае ў сваёй прыгажосцi, маўклiвасцю гаворыш ты мне, адкрываеш сваю мудрасць.

О, як мне разгледзець усю сарамлiвасць тваёй душы! На досвiтку адкрылася ты мне, самотнiку.

Мы здавён з табою сябры: i смутак, i сум, i аснова наша - усё супольнае ў нас, нават сонца. Мы не гаворым з табою, бо ведаем надта многа: моўчкi, усмешкамi перадаём мы адно аднаму нашыя веды.

|< Пред. 151 152 153 154 155 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]