Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 195 из 315

Так i тленне высакароднiць!

Можна дараваць, калi так кажуць дзецi, якiя баяцца агню, бо калiсьцi апяклiся! Шмат дзiцячасцi ў старых кнiгах мудрасцi.

А хто заўсёды "малоцiць салому", - як ён бярэцца ганiць саму малацьбу! Такiм дурням трэба затыкаць рот!

Такiя садзяцца за стол i не прыносяць з сабою нiчога, нават здаровага голаду; i вось паклёп узводзяць яны: "Усё - марнасць!"

Але смачна есцi i пiць, о братове мае, гэта, сапраўды, не марнае мастацтва! Разбiце, разбiце скрыжалi тых, хто нiколi не радуецца!

14

"Чыстаму - усё чыста" - так кажа народ. А я кажу вам: "Свiнням - усё свiнства!"

Фанатыкi i дэвоты з панiклымi сэрцамi прапаведуюць: "Увесь гэты свет брудная пачварына".

Бо ва ўсiх у iх - нячысты дух; асаблiва ў тых, якiя не маюць нi спакою, нi продыху, бо ўбачылi заднi бок свету, - вось i мкнуцца яны ў iншыя светы!

Такiм я кажу проста ў твар, i хай гэта не мiлагучна: свет тым падобны да чалавека, што ў яго ёсць зад - аж настолькi гэта праўда!

У свеце многа бруду: аж настолькi гэта праўда! Але ад гэтага свет - яшчэ не брудная пачварына!

Мудрасць у тым, што многае ў свеце дрэнна пахне: бо сама агiда дае крылы i сiлу, якая ўгадвае чыстыя крынiцы!

I ў найлепшым ёсць нешта агiднае; нават найлепшае - гэта тое, што мае быць пераадолена!

О братове мае, шмат мудрасцi ў тым, што ў свеце ёсць бруд!

15

Я чуў, як звярталiся да свайго сумлення пабожныя шукальнiкi iншага свету, i праўда, без злосцi i фальшу яны гаварылi, хоць на зямлi няма нiчога больш злоснага i фальшывага.

|< Пред. 193 194 195 196 197 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]