Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 193 из 315



Але я пытаюся ў вас: цi былi на ўсiм свеце страшнейшыя разбойнiкi i забойцы, чым гэтыя святыя словы?

Хiба мала ў самiм жыццi забойства i разбою? I каб сталi свяшчэннымi гэтыя словы, цi не давялося забiць самую iсцiну?

Альбо ж гэта была пропаведзь смерцi - абвяшчалася свяшчэнным тое, што супярэчыць i супрацьстаiць усяму жывому?

О братове мае, разбiце, разбiце старыя скрыжалi!

11

Мне шкада ўсяго мiнулага, бо бачу я: яно запрададзена...

- лiтасцi, духу, вар'яцтву кожнага новага пакалення, якое прыходзiць i ператлумачвае нанава ўсё, што было, так, каб яно зрабiлася яму мостам!

Можа з'явiцца вялiкi тыран, падступны вораг, якi будзе чынiць гвалт над усiм мiнулым у згодзе са сваёй сваволяй, пакуль яно не зробiцца яму мостам, i азнакаю, i герольдам, i пеўневым крыкам.

Але вось другая небяспека i прадмет маёй згрызоты: памяць чэрнi не сягае далей за дзеда, а з дзедам i час спыняецца.

Так адыходзiць у забыццё ўсё мiнулае: бо можа так стацца, што натоўп нiколi не запануе, i час патоне ў плыткай вадзе.

Таму, братове мае, патрэбна новая арыстакратыя, варожая натоўпу i ўсякай тыранii, арыстакратыя, якая зноў напiша слова "высакародны" на новых скрыжалях.

Патрэбна шмат высакародных i яшчэ больш высакародных, каб магла быць арыстакратыя! Альбо, як я аднаго разу сказаў: "Боскасць якраз у тым, што ёсць багi, але няма нiякага Бога!"

12

О братове мае, я паказваю вам новую арыстакратыю i дасвядчаю вас у яе: вы павiнны зрабiцца пачынальнiкамi i выхавальнiкамi, сейбiтамi будучынi,

- праўда, не пра тую арыстакратыю я кажу, месца сярод якое можна купiць, як купляюць яе гандляры за золата: бо ўсё, што мае цану, не мае вялiкай каштоўнасцi.

Ад сёння хай будзе вашым гонарам не тое, адкуль вы паходзiце, а куды прыходзiце.

|< Пред. 191 192 193 194 195 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]